Айцішнік як брэнд



Айцішнік просты, беларускі… Бадай, айчынныя батанікі-акулярыкі-айцішнікі сталі сапраўдным сусветным брэндам змагання з дыктатурай! Варта толькі пачаць!

Пачалі з Беларусі, а потым пайшлі на ўсход. Правільны алгарытм: схадзіць на ўсход, набраць паболей кампрамату, вярнуцца дадому, сабраць рэчы і рвануць на захад. Два ў адным – паказаць свету праўду і выжыць. Бо пасля праўды варта хутчэй збягаць туды, дзе з-за яе цябе не зробяць злачынцам. Айцішніка Сяргея Савельева аб’явілі ў вышук расейцы за разгалошванне дзяржаўнай таямніцы. То бок катаванні ў турмах ёсць нормай у пэўных дзяржавах і варта абмяжоўваць свабоду выказвання пра ўсё гэта. У РФ здаўна не любяць тых, хто “сор из избы выносит”, але лямантаваць пра гэта на ўвесь белы свет – гэта нешта новае.

У Беларусі асноўным рухавіком жнівеньскіх пратэстаў сталі менавіта айцішнікі, яны ж потым трапілі пад магутны каток рэпрэсій, як і нашы таленавітыя літаратары ў 1937 годзе. Зрэшты за журналістамі, праваабаронцамі, медыкамі і тымі, хто выбраў пазіцыю “Мая хата з краю”, таксама прыйшлі (у свой час). Гісторыя паўтараецца, і не заўжды ў форме фарса.

Сяргей Савельеў перадаў тэрабайты інфармацыі пра катаванні ў расейскіх турмах праекту, а потым атрымаў палітычны прытулак у Францыі і даў з тузін харошых інтэрв’ю. Тое, як  Сяргей трапіў у Парыж, – гісторыя асобная. Не менш цікавая. Ніхто пакуль не задаў яму пытанне пра Беларусь і катаванні ў мясцовых месцах не вельмі аддаленых… Пра стаўленне да пратэстаў і таго, што адбываецца на радзіме. Безумоўна, чалавек можа быць проста не ў тэме, але размова магла б атрымацца цікавая. Пераначуем – болей пачуем?

Беларускае Радыё РАЦЫЯ