Выставачны праект “Беларускі аванграўнд”
28 кастрычніка ў 18.30 Нацыянальны цэнтр сучасных мастацтваў Рэспублікі Беларусь (пр-т Незалежнасці, 47) запрашае на адкрыццё выставачнага праекта „Беларускі аванграўнд”, прысвечанага памяці калекцыянера і мастака Андрэя Плесанава.
Экспазіцыя выставы ўключае творы вядомых беларускіх мастакоў, творчасць якіх прынята называць “беларускім авангардам 1980-90-х гг.”, а таксама аўтараў, якія працуюць з формай і колерам у традыцыях школы Казіміра Малевіча.
Аснову выставачнага праекта склалі работы з прыватнай калекцыі Андрэя Плесанава і музейнага збору Нацыянальнага цэнтра сучасных мастацтваў Рэспублікі Беларусь. Творы Уладзіміра Акулава, Аляксея Жданава, Святланы Катковай, Ігара Кашкурэвіча, Артура Клінава, Сяргея Крыштаповіча, Анатоля Кузняцова, Уладзіміра Лапо, Аляксандра Малея, Альгерда Малішэўскага, Сяргея Малішэўскага, Валянціна Нуднова, Валерыя Песіна, Людмілы Русавай, Віктара Шылко і інш. ствараюць шматгранную экспазіцыю на кантрасце стыляў, напрамкаў і аўтарскіх манер мастакоў. Асаблівае значэнне ў экспазіцыі мае карціна „Чалавек з лапатай” з фонду Гродзенскага дзяржаўнага гісторыка-археалагічнага музея, як мяркуецца, аўтарства мастака-авангардыста Казіміра Малевіча.
Інтэграцыя ў экспазіцыю народных касцюмаў і прадметаў побыту, прадстаўленых Музеем старажытнабеларускай культуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, дазволіць гледачу наглядна прасачыць пераемнасць каларыстычных спалучэнняў і арнаментальных форм народнага мастацтва як у стылістыцы супрэматызму, так і ў найноўшых тэндэнцыях сучаснага беларускага мастацтва.
Арганізатарамі праекта выступаюць Нацыянальны цэнтр сучасных мастацтваў Рэспублікі Беларусь пры падтрымцы Гродзенскага дзяржаўнага гісторыка-археалагічнага музея і Музея старажытнабеларускай культуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.
Выстава працягнецца да 21 лістапада 2021 года.
НЦСМ, пр-т Незалежнасці, 47