Лідары апазіцыі заклікалі Еўразвяз даць Беларусі 1 мільён бясплатных вакцын



Лідары дэмакратычных сіл Беларусі накіравалі ліст кіраўнікам краін Еўразвязу і арганізацыі COVAX з заклікам тэрмінова аказаць дапамогу Беларусі ў памеры мінімум 1 мільёну дозаў вакцын.

Дэмакратычная лідарка Святлана Ціханоўская, кіраўнік Народнага антыкрызіснага кіраўніцтва Павел Латушка, чалец прэзідыюму Каардынацыйнай рады Вольга Кавалькова, прадстаўніца Каардынацыйнай рады па палітвязнях Таццяна Хоміч, кіраўнік Кабінету прадстаўнікоў Валер Кавалеўскі, прадстаўнік Фонду медычнай салідарнасці Андрэй Ткачоў выступілі з сумесным зваротам.

«Яшчэ вясной мы працавалі з Еўракамісіяй і COVAX, каб прывезці вакцыны ў Беларусь. Шукалі шляхі, як гэта зрабіць — праз ААН, рэлігійныя арганізацыі. Але тыя рашэнні засталіся нерэалізаванымі — і наступствы мы бачым цяпер. Сітуацыя працягвае пагаршацца. Таму беларусам трэба самім аб’яднаць намаганні, каб прыняць дапамогу нашых суседзяў і міжнароднай супольнасці», — адзначаецца ў заяве.

«Мы не падкідваем ідэю, а прапануем інструмент, які дапаможа мільёну беларусаў. Усё, што патрабуецца ад Міністэрства аховы здароўя, — пагадзіцца. Для нас пандэмія — не палітыка, гэта здароўе і жыцці людзей. І зараз галоўная задача — паклапаціцца пра здароўе сваё і сваіх блізкіх, дапамагчы лекарам, якія паўтара года гераічна ваююць з пандэміяй. Таму насіце маскі. Прывівайцеся вакцынай, якая цяпер даступная. Пазбягайце публічных месцаў. Заставайцеся дома, калі гэта магчыма. Вы патрэбныя сваім сем’ям, сваёй краіне», — падсумавалі ўдзельнікі відэазвароту.

svaboda.org