Масква раіць размаўляць з тэрарыстамі



Мінулай ноччу Уладзімір Пуцін нечакана звярнуўся да народу з відэа-зваротам, знятым у яго рэзідэнцыі у Нова-Агарове каля Масквы. Пасля тэлефонных размоваў з кіраўнікамі Францыі, Галяндыі, Аўстраліі, Вялікай Брытаніі і Нямеччыны ён выклаў пазіцыю Крамля ў дачыненні да падзеяў ва Украіне і трагічнай авіякатастрофы у Данецкай вобласці.

Падставай для відэа-звароту стала ня гэтулькі ваенная абстаноўка, колькі сама трагічная авіякатастрофа. Паколькі сепаратысты абмяжоўваюць доступ да месца катастрофы, дэ факта ускладняюць і блытаюць следства, Пуцін у гэтай справе стаў на баку краін паходжання загіблых, у прыватнасць Галяндыі. Ён заявіў, што павінна быць поўнасцю гарантаваная бяспека працы міжнароодных экспертаў на месцы трагедыі. Хаця там ужо знаходзяцца прадстаўнікі самаабвешчаных уладаў Данецка, Міністэрства Надзвычайных Сітыуацыяў і эксперты з Малайзіі, “ неабходна, каб на месцы катастрофы працавала паўнавартасная група экспертаў пад эгідай ICAO (International Civil Aviation Organization), адпаведная міжнародная камісія. Трэба зрабіць усё для яе поўнай, абсалютнай бяспекі, забяспечыць неабходныя для яе работы гуманітарныя калідоры,”- адзначыў Пуцін.

Такі заклік можна толькі павітаць, бо гэта заклік да прарасейскіх сепаратыстаў на чале з расейскімі спецназаўцамі-наёмнікамі. Украінская армія не перашкаджае у забяспячэнні рэчавых доказаў. Яна не вядзе ніякіх баявых дзеяньняў у радыюсе 20-ці кіламетраў, большым, чым гэтага патрабуе сітуацыя. А вось ці паслухаюцца свайго маскоўскага спонсара самі баевікі, гэта яшчэ пад пытаннем. Ёсць падставы меркаваць, што сярод баевікоў няма дысцыпліны і парадку, што там знаходзяцца людзі, якія выконваюць невядома чые загады. Нельга таксама не павітаць словы Пуціна аб тым, што “ніхто не павінен і не мае права выкарыстоўваць гэтую трагедыю для дасягнення вузкакарыслівых палітычных мэтаў. Такія падзеі павінны не раз’ядноўваць, а аб’ядноўваць людзей. Трэба, каб усе людзі, якія адказваюць за сітуацыю ў рэгіёне, падвысілі сваю адказнасць і перад уласным народам, і перад народамі тых краін, прадстаўнікі якіх сталі ахвярамі гэтай катастрофы” . У любым выпадку, заклік да таго, каб стварыць умовы для нармальнага расследвання катастрофы, гэта непасрэдны вынік ціску з боку лідараў заходніх краін, чые грамадзяне загінулі у выніку гэтай трагедыі.

Аднак цяжка пагадзіцца са словамі Пуціна аб тым, што  калі б 28 чэрвеня баявыя дзеянні на ўсходзе Ўкраіны не былі адноўленыя, то і гэтай трагедыі не адбылося б”. Гэтай трагедыі не адбылося б, калі б не пачалася спроба ўзброенага адарвання ад Украіны яе ўсходніх абласцей. Расейскі прэзідэнт чарговы раз паўтарыў, што ён прыхільнік перамоваў. «Мы неаднаразова заклікалі ўсе бакі неадкладна спыніць кровапраліцце і сесці за стол перамоваў…..Расея зробіць усё, што ад нас залежыць, каб канфлікт на ўсходзе Украіны перайшоў з сённяшняй ваеннай фазы ў фазу абмеркавання за сталом перамоваў мірнымі і выключна дыпламатычнымі сродкамі».

Калі Расея хоча перамоваў, дык чаму сепаратысты адмаўляюцца ад перамоваў. і чаму Расея пастаўляе баевікам найноўшую, цяжкую зброю ўключна з ракетнымі устаноўкамі. Дзякуючы гэтаму сепаратысты збілі транспартны самалёт, некалькі украінскіх гелікоптараў і знішчальнік. Кожны такі поспех расейскія медыі абвяшчаюць з непрыхаванай радасцю. Значыць, перамоваў Расея не хоча. Хоча ваеннай перамогі без афіцыйнага абвяшчэння вайны. Заклік да перамоваў недарэчны таму, што ніводная дзяржава не вядзе перамоваў з тэрарыстамі. Бываюць закулісныя перамовы аб вызваленні закладнікаў, бываюць выпадкі выплаты выкупу, але гэта робіцца сакрэтна. Тэрарыстаў знішчаюць. Гэта і робіць украінская армія, у якой з кожным днём больш поспехаў. Хай Расея адкліча каго прыслала, хай перастане раздзімаць гэты пажар і сітуацыя нармалізуецца.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ