„Нёман” абыграў „Віцебск” у экстралізе
У рамках рэгулярнага чэмпіянату Беларусі па хакею „Віцебск” на хатнім лёдзе саступіў гарадзенскаму „Нёману” з лікам 3:4.
«Нёман» добра пачаў першы перыяд. Ужо на 2-й хвіліне Мікіта Рэмезаў адправіў шайбу ў «дзявятку» брамкі Георгія Анаркулава. У другім адрэзку на 27-й хвіліне Артур Буйніцкі ў большасці прашыў Анаркулава і павялічыў адрыў гасцей у матчы. Але літаральна на працягу шасці хвілін „мядзведзі” змаглі не толькі адыграцца, але і павесці ў ліку. Спачатку Раман Серафімовіч на 28-й хвіліне скарыстаўся неарганізаванасцю абароны гарадзенскай каманды і прыгожа перайграў Максіма Малюціна. Праз 4 хвіліны Артур Гільманаў з дакладнай перадачы Сяргея Карповіча аднавіў парытэт у гульні. А яшчэ крыху менш за хвіліну Уладзіслаў Кавалевіч вывеў «Віцебск» наперад, пасля кідка з нязручнай рукі.
«Нёман» здолеў зрабіць лік у матчы 3:3, Віталь Зацэпілін за 25 секунд да сірэны на перапынак зноў зраўняў лічбы на табло. Пераможную шайбу за 30 секунд да канца гульні закінуў Мікіта Рэмезаў і прынёс перамогу „Нёману” у асноўны час. Такім чынам, „Нёман” застаецца на 9-м месцы і скарачае адставанне да запаветнай васьмёркі. «Віцебск» апусціўся на 6-ы радок у чэмпіянаце.
Беларускія футбалісткі саступілі камандзе Нідэрландаў у кваліфікацыі Чэмпіянату свету
Футбалісткі зборнай Беларусі прайгралі камандзе Нідэрландаў з лікам 0:2 у матчы адборавага турніру чэмпіянату свету 2023 года. На полі мінскага стадыёна „Дынама” падначаленыя Юрыя Малеева больш за гадзіну на роўных змагаліся з адным з галоўных фаварытаў кваліфікацыйнай групы – віцэ-чэмпіёнам свету камандай Нідэрландаў, але напрыканцы гульні больш высокі клас гасцей усё ж адбіўся. На 71-й хвіліне сустрэчы лік адкрыла Ліке Мартэнс, а яшчэ праз 4 хвіліны Даніэль ван дэ Донк ўсталявала канчатковы лік.
„Вітэн” саступіў „Барселоне” у кваліфікацыі Лігі чэмпіёнаў па міні-футболе
Аршанскі „Вітэн” няўдала стартаваў у асноўным раўндзе кваліфікацыі Лігі чэмпіёнаў па міні-футболе. У літоўскім Коўне ў першым паядынку 3-й групы чэмпіёны Беларусі саступілі адной з наймацнейшых каманд свету іспанскай „Барселоне” 1:5. Адзіны мяч у складзе аршанскай каманды забіў Руслан Лазюк, які вызначыўся ў сярэдзіне другога тайма пры ліку 0:4. У другім туры падначаленыя Аляксея Папова згуляюць з каўнаскім „Жальгірысам”, які прайграў яшчэ аднаму іспанскаму клубу „Левантэ” 1:4.
Менскае „Дынама” перамагло на старце клубнага Чэмпіянату свету па пляжным футболе
Мінскае „Дынама” пераможна пачало выступы на клубным чэмпіянаце свету, які праходзіць у Маскве. У сваім стартавым паядынку мінчане ва ўпартай барацьбе перайгралі маскоўскі „Спартак” з лікам 5:4 і выйшлі ў паўфінал. У складзе „Дынама” па два разы вызначыліся Яўген Новікаў і Паўліньё, а пераможны мяч забіў Ягор Гардзецкі.
Гол Жыру прынёс «Мілану» перамогу ў матчы Серыі А з «Тарына»
У матчы 10-га тура італьянскай Серыі А „Мілан” прымаў „Тарына”. Сустрэча прайшла на стадыёне „Сан-Сіра” ў Мілане і завяршылася перамогай гаспадароў з лікам 1:0. На 14-й хвіліне сустрэчы адзіны гол забіў французскі нападнік «Мілана» Аліўе Жыру. Выніковую перадачу аддаў паўабаронца міланцаў Радэ Круніч. „Мілан” набраў 28 ачкоў і падняўся на 1-е месца ў турнірнай табліцы італьянскай Серыі А.
Івашка і Васілеўскі прайгралі ў парным разрадзе турніру ў Санкт-Пецярбургу
Беларускія тэнісісты пацярпелі паразы ў стартавых матчах парнага разраду турніру катэгорыі АТР-250 у расійскім Санкт-Пецярбургу з прызавым фондам амаль 864 тысячы даляраў. У 1/8 фіналу беларус Андрэй Васілеўскі і ізраільцянін Ёнатан Эрліх прайгралі бразільска-брытанскаму тандэму Бруна Саарэс / Джэймі Марэй – 1:6, 4:6. Яшчэ адзін беларус Ілля Івашка і казахстанскі тэнісіст Аляксандр Бублік таксама ў двух сэтах саступілі казахстанска-манакскаму дуэту Андрэй Голубеў / Х’юга Ніс – 3:6, 1:6. У адзіночным разрадзе Ілья Івашка ў матчы першага раўнда перамог у дзвюх партыях прадстаўніка Сербіі Ласла Д’еры – 6:3, 6:2. Сёння ў паядынку за выхад у чвэрцьфінал Івашка сустрэнецца з шостай ракеткай планеты расіянінам Андрэем Рублёвым, пасеяным пад першым нумарам.
Беларускае Радыё Рацыя