Ці будзе Масква дамаўляцца з Ціханоўскай?
Кіраўнік расейскага СМІ “Эхо Москвы” Аляксей Венедыктаў у праграме “Тузы” задаў многа пытанняў беларускаму палітыку Святлане Ціханоўскай. Сам факт удзелу у праграме радыёстанцыі, якая хоць і мае імідж ліберальнага выдання, аднак належыць дзяржаўнай карпарацыі “Газпрам”, выклікаў вялікі рэзананс у беларускай публікі. Некаторыя аналітыкі ахарактарызавалі выступ Святланы Ціханоўскай як адну з прыкмет выбудоўвання новай палітыкі Крамля ў дачыненні да Беларусі, калі расейскае кіраўніцтва, стаміўшыся ад свайго нязменнага саюзніка, нібыта намацвае шляхі супрацы з апазіцыяй.
Што да матываў удзелу Святланы Ціханоўскай у перадачы Аляксея Венедыктава, тут вялікай інтрыгі няма. Палітык выкарыстоўвае ўсе магчымыя каналы камунікацыі, каб як мага больш людзей у Расеі і Беларусі пачулі яе ідэі. Але, хоць гэта не заяўлялася адкрыта, асноўнай мэтай подобнага выступу магло быць агучванне прапановаў расейскаму кіраўніцтву, якое, відавочна, на гэтым этапе мае свае прычыны для заігрыванняў з беларускай апазіцыяй. Зрэшты, у самім інтэрв’ю, якое давала Ціханоўская, неаднаразова гучала лейтматывам тое, што яна як прадстаўнік большасці беларускага грамадства адкрытая да супрацы з Уладзімірам Пуціным. У яе адказах нават прагучалі гарантыі таго, што адносіны між краінамі не стануць горшымі за цяперашнія. Разам з тым, беларуская лідарка ясна дала зразумець Крамлю, што незалежнасць Беларусі не з’яўляецца прадметам гандлю. Адпаведна, інтэнсіфікацыя пабудовы Саюзнай дзяржавы Расеі і Беларусі – не ў інтарэсах беларускага народу.
Няма сумневу, што “Эхо Москвы” мае пэўную ступень самастойнасці ў правядзенні рэдакцыйнай палітыкі. Але наўрад ці Аляксей Венедыктаў мог прыняць адзінаасобна рашэнне пра тое, каб прадаставіць трыбуну для выступу чалавеку, які выклікае зубны скрыгат у афіцыйнага Менску. Адпаведна, у запрашэнні Святланы Ціханоўскай у студыю газпрамаўскага медыя можа прысутнічаць элемент гульні Крамля, які дае зразумець свайму беларускаму саюзніку, што ласка можа лёгка замяніцца на гнеў. Улічваючы крытычную залежнасць беларускай аўтакратыі ад падтрымкі Масквы, падобныя сігналы выглядаюць калі не шантажом, то перасцеражэннем рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.
Ці будзе Масква дамаўляцца са Святланай Ціханоўскай? Адказ на гэтае пытанне відавочны. Як бы ні склалася ўнутрыпалітычная сітуацыя ў Беларусі, рэвалюцыйны лідар, які прыйшоў да ўлады дзякуючы стыхійнай падтрымцы вуліцы і які не абавязаны Расеі нічым, вельмі непажаданы суб’ект перамоваў. Больш за тое, сам факт прыняцця Святланы Ціханоўскай на найвышэйшым узроўні на Захадзе з’яўляецца падставай, каб Крэмль адмовіўся разглядаць у ёй раўнапраўнага партнёра. Нягледзячы на пэўныя праявы незадаволенасці Менскам, Уладзімір Пуцін будзе ўсё роўна працягваць весці перамову з чалавекам, які кантралюе сілавы і чыноўніцкі блокі ў дзяржаве. Прынамсі, да моманту, калі з нетраў бюракратычнага апарату ўлады не з’явіцца канкурэнт дзейнага кіраўніка Беларусі, блізкі па ідэалогіі і каштоўнасцях цяперашняму ўладару Крамля.