Ганна Хітрык: Мы жывем Беларуссю
Былая актрыса Купалаўскага тэатру, удзельніца гуртоў „Дзецідзяцей”, S°unduk Ганна Хітрык праз 4 гады пасля эміграцыі ў Ізраіль прэзентавала новы альбом. Чатыры гады яна не выступала на сцэне, але ў кастрычніку 2021 года калектыў „Ань Хітрык band” прадставіў у Тэль-Авіве альбом „Цень”.
РР: Ці ёсць у цябе ўспаміны восеньскія пра Падляшша і “Бардаўскую восень”, на якой ты калісьці выступала?
Ганна Хітрык: Мне складана сказаць, таму што ў Ізраілі зусім іншае надвор’е. Я вельмі сумую па беларускай нашай восені. Я вельмі любіла разам з камандай ездзіць на фестывалі. Усё, што тычыцца тэатра і музыкі, я гэтым жыла, гэтым жыву, і спадзяюся, што буду гэтым жыць.
РР: Але нагода нашай размовы зусім іншая. Не будзем настальгіраваць. У цябе выходзіць новы альбом.
Ганна Хітрык: Калі мы рэпатрыіраваліся ў Ізраіль настаў вялікі перыяд цішыні, для мяне ён быў страшны, бо я не прывыкла, што ў маім жыцці няма музыкі. Ні для каго не сакрэт, і рак быў, і я на год увогуле выйшла з жыцця. А калі вярнулася, усё роўна нічога не пісалася. І год таму, на жаль, пры самых невясёлых абставінах, – гэта выбары і вынікі, і ўсё што адбываецца да гэтай пары з нашай Беларуссю, яно выстраліла так, што напісалася песня. Я пісала сваёй вельмі блізкай сяброўцы, якая зараз знаходіцца ў мурах несвабоды. Пісала ліст, а напісала песню. Я яе не стварала, яна проста вылілася на паперу і атрымалася песня. А зараз гэтая песня гучыць у нашым новым альбоме. Яна называецца “Ліст”, а новы альбом называецца “Цень”. У альбом увайшло восем песень, яны ўсе вельмі невясёлыя.
РР: Можна гэта трактаваць як нейкі дыялог з Беларуссю? Як у тваім жыцці гэта складваецца, ёсць жа нейкія перажыванні, думкі, успаміны, сувязі з Беларуссю?
Ганна Хітрык: Канешне, у мяне там вельмі шмат родных, блізкіх людзей, сяброў, шмат мяне. І няма такога дня, калі б мы не думалі пра Беларусь. Мы неверагодна сумуем і хочам прыехаць. Вельмі хочам дапамагчы і дапамагаем па магчымасці. Мы жывем Беларуссю. Мы жывем сваім жыццём тут, і жывем сваім жыццём там. Я вельмі перажывала і буду перажываць і спадзявацца толькі на лепшае!
Цалкам гутарка ў далучаным файле:
Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя