Рэйс з Сірыі ў Беларусь стане рэгулярным
Менск і Дамаск цяпер звязвае рэгулярны авіярэйс, раней былі толькі чартарныя. Згодна з раскладам на сайте менскага аэрапорта, рэйс кампаніі Cham Wings 6Q431/6Q432 будзе прыбываць з сірыйскай сталіцы ў Менск штодня ў 11.10, а адлятаць у 12.10. Прыватная сірыйская авіякампанія Cham Wings Airlines пачала лятаць у Беларусь з верасня.
Некалькі дзён таму Reform.by паведаміла, што пасольства Беларусі ў Сірыі вывесіла на інфармацыйным стэндзе спіс упаўнаважаных фірм для афармлення беларускіх віз сірыйскім грамадзянам. Фота спісу апублікавалі сірыйскія карыстальнікі сацыяльных сетак.
Разам са спісам размешчана таксама інструкцыя для атрымання візы праз пасольства: неабходна запоўніць анкету, прайсці сумоўе з консулам, які можа запатрабаваць дадатковыя дакументы, прадаставіць сертыфікат аб вакцынацыі або быць гатовым выконваць самаізаляцыю.