Пра тое, як беларускі народ увагнаў у ступар Крэмль



Пасля гадзіннага інтэрв’ю Святланы Ціханоўскай на расейскім СМІ “Эхо Москвы” дзяржаўныя прапагандысты кінуліся даводзіць, што насамрэч ніякага канфлікту паміж кіраўніцтвамі Расеі і Беларусі няма. Маўляў, мы назіраем правакацыю ў інфармацыйнай сферы, здзейсненую, вядома, збеглымі апазіцыянерамі і іншымі рэнегатамі. Такая пазіцыя, аднак, выглядае слабай, калі ўлічыць, што насамрэч прыкметы канфлікту ў інфармацынай прасторы паміж праўладнымі СМІ Беларусі і Расеі прысутнічаюць. Калі расейскія СМІ пачалі артылерыйскія прыстрэлы па пазіцыях свайго саюзніка, то беларускія робяць выгляд, што нічога насамрэч не адбываецца. Зрэшты, пэўная рацыя ў высновах прапагандыстаў маецца, паколькі Крэмль на дадзеным этапе і блізка не падышоў да таго градуса супрацьстаяння, які меў месца напярэдадні, скажам, выбараў 2010 году, калі дзяржаўны тэлеканал НТВ выпусціў кілерскі серыял “Хросны бацька”, які дэманстраваўся ў прайм-тайм і асабліва не шкадаваў кіраўніка Беларусі. Цяпер мы бачым толькі тое, што крамлёўскія прапагандысты дэманструюць уладам Беларусі тое, што гатовыя напоўніцу ўключыць магутнасці сваіх СМІ ў выпадку патрэбы. Але, відавочна, такі момант яшчэ не настаў.

Сярод мноства матэрыялаў на беларускую тэматыку ў расейскіх СМІ, якія былі апублікаваныя за апошнія дні, большасць проста канстатуюць пэўныя прыкметы палітычнага крызісу ў Беларусі. Некаторыя дазваляюць сабе дастаткова вострыя выказванні на адрас беларускага кіраўніцтва, якое, паводле крытыкаў, не прымае рашучых мер па інтэнсіфікацыі будаўніцтва так званай Саюзнай дзяржавы. Асобныя ўдзельнікі топавых ток-шоу на галоўных расейскіх тэлеканалах увогуле выказваюцца на мяжы фола. Аднак усё роўна гаварыць пра пачатак чарговай інфармацыйнай вайны паміж афіцыйнымі Менскам і Масквой не выпадае.

Разам з тым, хацелася б звярнуць увагу на адзін тэкст, які, можна сказаць, з’яўляецца прадвесцем змянення падыходаў да працы Крамля з Беларуссю. Гэты матэрыял, надрукаваны на флагманскім выданні Lenta.ru, пад назвай “Моладзь скіраваная ў Еўропу” Беларусы ўслед за ўкраінцамі імкнуцца ў ЕЗ. Як Расея можа іх утрымаць?” У публікацыі, напісанай на аснове рэфлексій загадчыка лабараторыі палітычнай геаграфіі і сучаснай геапалітыкі “Вышэйшай школы эканомікі” Андрэя Скібы, даюцца нечаканыя і ў нейкім сэнсе пераломныя ацэнкі бягучай палітычнай сітуацыі ў Беларусі. Эксперт пры аналізе прычын палітычнага крызісу ў Беларусі канстатуе, што “старая савецкая сістэма каардынат у Беларусі сышла, а ўпраўленчыя механізмы таго часу (улады) пастараліся аднавіць. Што датычыць аб’ядноўваючай ідэі і ідэнтычнасці, прастора засталася незапоўненай. Краіна мянялася, а ўлады праспалі дынаміку змяненняў.” Інакш кажучы, мы маем класічную рэвалюцыйную сітуацыю, калі “нізы не хочуць жыць па-старому, а вярхі нічога ім не могуць прапанаваць”. Але больш цікава ў гэтай выснове эксперта тое, што ў Расеі цудоўна ўсведамляюць, што ўлады Беларусі незваротна ўпусцілі момант, калі сфармавалася новая ідэнтычнасць беларускіх грамадзянаў, несумяшчальная з праектам СССР 2.0. І хоць цяперашні кіраўнік беларускай дзяржавы, на думку расейскіх экспертаў, не здольны ўлавіць трэнд на светапоглядныя метамарфозы грамадзянаў, дамаўляцца Крамлю ў Беларусі няма з кім. Адзіным контрагентам, які адпавядае інтарэсам Масквы, дагэтуль застаецца Аляксандр Лукашэнка. А ўсе іншыя, у тым ліку Віктар Бабарыка і Святлана Ціханоўская, не падыходзяць тым, што не з’яўляюцца прадстаўнікамі цяперашняй сістэмы. То бок, спадзяванні пэўнай часткі апазіцыі на тое, што Масква зробіць стаўку на апанентаў улады марныя. Гэтага не будзе, нават улічваючы, што ў вачах гаспадароў РФ цяперашні кіраўнік Беларусі таксама не самая прыемная фігура для перамоваў.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ