Колькі каштуе ўтрыманне мігрантаў у цэнтрах памежнай службы?



На балотах у ваколіцах Белавежы, што каля польска-беларускай мяжы, польскія памежнікі ўначы знайшлі мужа і жонку – грамадзян Ірака 37 і 25 гадоў, якія прасілі дапамогі. Жанчына была знясіленая, ратавальнікі завезлі яе ў шпіталь, – паведаміла прэс-сакратарка Польскай памежнай службы Анна Міхальска і дадала, што на сёння ў польскіх шпіталях знаходзяцца 22 асобы, якія нелегальна перасеклі беларуска-польскую мяжу.

Большасць з іх – грамадзяне Сірыі і Ірака. Анна Міхальска дадала, што ўсё даражэй польскаму бюджэту каштуе ўтрыманне ўцекачоў:

– Штомесячны кошт утрымання аднаго замежніка ў цэнтры складае прыкладна 1838 злотых. У гэты кошт уваходзіць: ежа, асабісты догляд, адзенне, перакладнік. У мінулым годзе за гэты ж перыяд у цэнтрах для замежнікаў, якія кіруюцца памежнай службай, знаходзілася 207 чалавек, а на дадзены момант гэта 1700 чалавек. Год таму месячны кошт пражывання гэтых людзей складаў 380 000, цяпер — амаль 2 800 000 злотых. Гэтыя выдаткі даволі моцна выраслі.

Як паведаміў прэс-сакратар польскай паліцыі Марыюш Цярка, адпаведныя службы кожны дзень затрымліваюць мігрантаў, якія ўсё ж змаглі нелегальна перасекчы мяжу і накіроўваліся далей на Захад у такія краіны як Германія і Францыя:

– Больш за 3 800 чалавек, якія нелегальна перайшлі мяжу ЕЗ і спрабавалі трапіць праз нашу краіну ў Заходнюю Еўропу – найчасцей у Германію і Францыю. Польская паліцыя толькі ў апошнія дні затрымала каля 120 чалавек на кантрольных пунктах, якія размешчаны ў выбраных месцах.

У той жа час Марыюш Цярка падзякаваў жыхарам памежжа, якія дапамагаюць польскім службам і за рэдкімі выпадкамі прытрымліваюцца абмежаванняў, звязаных з уведзеным надзвычайным становішчам у сувязі з міграцыйным крызісам.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота: PAP/Albert Zawada