Рэстаўрацыя гарадзенскай кірхі пад пагрозай
6-га жніўня ў гарадзенскай Лютэранскай царкве пройдзе чарговы арганны канцэрт для публікі. Для Гародні і храма наяўнасць аргану з Нямеччыны сведчыць пра тое, што замежныя фундатары ўмеюць трымаць слова. На жаль, абласныя ўлады сваё вуснае слова трымаць не ўмеюць. З ад’ездам Сямёна Шапіры, які трымаў працэс рэстаўрацыі на кантролі, новае начальства ніяк не цікавіцца помнікам архітэктуры, які знаходзіцца ў занядбаным стане. Звяртаемся да бізнеса, які можа дапамагчы ў рэстаўрацыі, кажа пастар Уладзімір Татарнікаў:
– Мы пакідаем нашчадкам нашую гісторыю, бо з’яўленне лютэранства ў Беларусі – гэта гістарычны момант. Гарадзенскія бізнесоўцы ўкладваюць грошы не ў лютэранства, яны ўкладваюць свае грошы ў захаванне гісторыка-культурнай каштоўнасці. Для горада знайсці 2,5 млрд на працяг рамонтна-рэстаўрацыйных прац – гэта не такія ўжо вялікія грошы.
У выніку першага этапу рэстаўрацыйных работ лютэранскі прыход павінен заплаціць яшчэ 500 міліёнаў беларускіх рублёў падрадчыку. Такіх грошай цяпер ў прыхода няма. А абяцанкі з часоў Сямёна Шапіры не дзейнічаюць пры новым старшыні аблвыканкаму. У абласным бюджэце такой нязначнай сумы чамусьці няма. Затое ёсць на вайсковыя парады і на забавы для натоўпу. Лютэранская абшчына спадзяецца, што гарадзенцы, якія не абыякавыя да гісторыка-культурнай спадчыны, дапамогуць аднавіць царкву – адзіную неагатычную пабудову ў Гародні.
Пастар Уладзімір Татарнікаў заўважыў, што калі сёлета сезон рэстаўрацыі будзе ўпушчаны, то на наступны год давядзецца па-новаму афармляць праект рэстаўрацыі, які каштуе больш за сто міліёнаў рублёў.
[Not a valid template]
Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя, Гародня
Фота Савелія Малчанава