Місія



Жыла-была нармальная сярэднестатыстычная цётка. З сярэдняй адукацыяй, сярэднім дастаткам і сярэднім інтэлектуальным узроўнем. І росту была сярэдняга, і вочы мела – ці то блакітныя, ці то шэрыя – нешта пасярэдзіне. І ўзрост – і не сорак, і не шэсцьдзясят. Як раптам трапілася на яе шляху кніжачка нейкага сярэдненькага псіхолага аб прызначэнні чалавека: маўляў, у кожнага з нас ёсць місія. Галоўнае, не прапусціць момант для яе выканання. І стала цётка шукаць сваё месца на гэтай зямлі з мэтай выратавання чалавецтва. Толькі каб данесці людзям выключную Веду, ёй была неабходная аўдыторыя. А дзе ж яе ўзяць?

У грамадскім транспарце толькі дастукаешся да нечага сэрца, а яму ўжо час выходзіць на наступным прыпынку. На рынку яшчэ горш: пройдуць міма і нават не пачуюць, не зразумеюць, не ацэняць, якую важную інфармацыю праігнаравалі. А ўсё з прычыны амаральнасці. Стоп! Ключавыя словы: маральнасць і духоўнасць. І раптам цётчын мозг узрывае ідэя. Простая, але геніяльная – куды ходзіць патэнцыйная аўдыторыя за духоўнасцю? У храм. Місіянерка, не разважаючы, выходзіць на паляванне. Трапленне ў яблычак, таму што ў храме, як правіла, аўдыторыя стрымлівае нізкія інстынкты і становіцца больш згодлівай для ўспрымання інфармацыі.

Цётчына зорная гадзіна наступіла ў царкоўным бабінцы: адфільтраваная і асвечаная ёю аўдыторыя ўваходзіць у храм, як паслухмяныя выхаванцы малодшай групы дзіцячага сада: дзяўчынкі ў хустачках, хлопчыкі здымаюць шапачкі; дзяўчынкам нельга фарбаваць вусны, хлопчыкам нельга заходзіць у шортах. З сярэдняй цёткі ў сваіх вачах яна паступова ператваралася ў тытана.

Толькі яна забылася, што дрэс-код у храме – не галоўнае. На душу не апранеш хустачку.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ