У Гомелі патрабуюць ачысткі вадаёмаў
Гомельцы патрабуюць ад уладаў ачысткі вадаёмаў. Адпаведную петыцыю жыхары абласнога цэнтра накіравалі ў гарвыканкам, гарсавет і цэнтр гігіены.
Як паведаміў ініцыятар петыцыі, бард Андрэй Мельнікаў, дакумент падпісалі больш за 300 чалавек:
– Не ведаю іншага горада, які стаіць на такой колькасці вадаёмаў. Людзі ў іх купаліся, адпачывалі на берагах, на жаль яны сталі выглядаць горш, чым некалькі дзесяцігоддзяў таму. Нейкія з іх – вось кар’ер на Сяльмаш, там проста знайшлі трупны яд таму, што на дне ёсць такая рэч, як дрэнажная труба, якая рэгулярна ўцягвае ваду ў сябе. Людзі пра гэта не ведаюць і час ад часу тут тонуць, тут некалькі чалавек вось так патанула, ад таго і з’явіўся гэты трупны яд у вадзе.
Гомельскіх актывістаў непакоіць стан гарадскіх вадаёмаў. Паводле іх назіранняў, берагі заваленыя смеццем, многія са штучных кар’ераў не чысціліся ў пачатку летняга сезону, а чысціня вады – выклікае сумневы.
Беларускае Радыё Рацыя, Гомель