У Воранаве забаранілі ўшанаванне памяці міністра абароны БНР
Традыцыйнае мерапрыемства ў памяць генерала Кіпрыяна Кандратовіча ў мястэчку Воранава планавалі правесці актывісты з Лідчыны.
З улікам таго, што пасля ўскладання кветак на магіле генерала ў мінулыя гады актывісты зведвалі пераслед, сёлета вырашылі звярнуцца па афіцыйны дазвол да Воранаўскіх уладаў.
“Аднак атрымалі адмову”, – кажа старшыня Лідскай суполкі Таварыства беларускай мовы Станіслаў Суднік:
– Прычына, як заўсёды. У нашых чыноўнікаў фантазіі шмат. У адмове пазначана, што тое месца, якое мы замовілі, не супадае з тым месцам, дзе ў іх дазволены масавыя мерапрыемствы. Мабыць, магілу трэба было перанесці туды, дзе яны дазволілі гэтыя мерапрыемствы праводзіць.
Станіслаў Суднік адзначае, што актывісты плануюць проста пад’ехаць на магілу Кіпрыяна Кандратовіча, ды ўскласці да яе кветкі. Плануецца гэта зрабіць традыцыйна на Дзень Волі 25-га сакавіка. Міністр вайсковых спраў ва ўрадзе БНР, генерал Кіпрыян Кандратовіч пахаваны ў Воранаве, на Гарадзеншчыне.
Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя