„Вітэн” прайшоў у элітны раўнд кваліфікацыі Лігі чэмпіёнаў па міні-футболе



Аршанскі „Вітэн” прабіўся ў элітны кваліфікацыйны раўнд Лігі чэмпіёнаў па міні-футболе. У заключным матчы спаборніцтваў 3-й групы ў літоўскім Коўне чэмпіёны Беларусі згулялі ўнічыю з іспанскім „Левантэ” – 2:2. На пачатку гульні аршанцы прапусцілі мяч, а потым Арцём Рось і Юрый Рабыка вывелі „Вітэн” наперад. Аднак утрымаць перамогу беларусам не ўдалося: у сярэдзіне другога тайма іспанцы зраўнялі вынік. На старце спаборніцтваў падначаленыя Аляксея Папова саступілі адной з мацнейшых каманд свету іспанскай „Барселоне” з лікам 1:5, а ў другім туры разышліся мірам з гаспадаром спаборніцтваў каўнаскім „Жальгірысам” – 3:3. Такім чынам, „Вітэн” фінішаваў трэцім і стаў удзельнікам элітнага этапа адбору. У апошнім матчы спаборніцтваў у Коўне „Барселона” разграміла „Жальгірыс” з лікам 7:1.

Кірыл Прамудраў стаў аўтарам самага прыгожага гола 27-га тура.

Жодзінскі тарпедавец Кірыл Прэмудраў прызнаны аўтарам самага прыгожага гола 27-га тура футбольнага чэмпіянату Беларусі. У самым пачатку другой паловы хатняй сустрэчы супраць берасцейскага „Руху” 29-гадовы паўабаронца аўтазаводцаў пры ліку 0:2 эфектным ударам з-за межаў штрафной плошчы адыграў адзін мяч, і ў выніку гульня завяршылася баявой нічыёй – 3:3. У выніку традыцыйнага галасавання заўзятараў на лепшы гол тура Кірыл Прэмудраў апярэдзіў Уладзіслава Малькевіча з мазырскай „Славіі” і Ігара Іванавіча з салігорскага „Шахцёра”. У гэтыя выхадныя на чэмпіянаце Беларусі адбудуцца два перанесеныя паядынкі. Сёння „Тарпеда-БелАЗ” у гульні 17-га тура прыме ў Жодзіне мазырскую „Славію”, а заўтра ў матчы 16-га тура футбалісты „Мінска” сустрэнуцца на сваім полі з чэмпіёнам краіны „Шахцёрам”.

Яблонскі можа перайсці з БАТЭ ў „Шахцёр”

Беларускі паўабаронца Яўген Яблонскі можа перайсці з БАТЭ ў салігорскі „Шахцёр”. Па звестках тэлеграм-канала Inside, гулец ужо падпісаў папярэдні кантракт з чэмпіёнамі Беларусі. 26-гадовы хаўбек выступае за БАТЭ ў вышэйшай лізе з 2014 года, за гэты час правёў 178 матчаў і набраў 20 (9+11) ачкоў па сістэме „гол+пас”. У сёлетнім чэмпіянаце Яблонскі адыграў 25 матчаў, набраў 4 (3+1) балы. Правёў 14 матчаў і забіў 2 галы за зборную Беларусі.

Месі замянілі ў перапынку, „ПСЖ” без яго адыграўся і даціснуў „Ліль”


„ПСЖ” святкаваў валявую перамогу над „Лілем” у хатнім матчы 12-га тура чэмпіянату Францыі — 2:1. Форвард парыжан Ліянэль Месі выйшаў на поле ў стартавым складзе і быў заменены ў перапынку пры ліку 0:1. Аргентынец не забіў ніводнага гола і не аддаў ніводнай галявой перадачы ў пяці сустрэчах чэмпіянату Францыі. Як паведамляе WhoScored, Месі ў гэтым сезоне нанёс па брамках супернікаў у чэмпіянаце Францыі 15 удараў. Гэта найбольшая колькасць удараў сярод тых гульцоў, хто пакуль так і не забіў у Лізе 1.

Арцём Дзюба стаў лепшым бамбардзірам у гісторыі расейскай прэм’ер-лігі

Форвард „Зеніта” Арцём Дзюба стаў лепшым бамбардзірам у гісторыі расейскай прэм’ер-лігі. У матчы з маскоўскім „Дынама”, які піцерцы выйгралі 4:1, ён забіў 144-ы гол у чэмпіянаце Расеі ў кар’еры. Папярэдні рэкорд належаў былому нападніку валгаграджскага „Ротара” Алегу Вераценнікаву, які забіў за кар’еру 143 мячы.

Авечкін закінуў 739-ю шайбу, выйшаў у лідэры спісу бамбардзіраў


„Вашынгтон” абыграў „Арызону” у хатнім матчы рэгулярнага чэмпіянату НХЛ — 2:0. Расейскі форвард гаспадароў Аляксандр Авечкін закінуў 739-ю шайбу ў кар’еры ў наймацнейшай лізе свету, ён адстае ад чацвёртага снайпера ўсіх часоў Брэта Хала на два галы. Акрамя таго, Авечкін узначаліў спіс бамбардзіраў НХЛ цяперашняга сезона, у яго актыве 9 шайбаў і 6 выніковых перадач у васьмі матчах.

Беларускае Радыё Рацыя