Івонка Сурвіла звярнулася да ўдзельнікаў кангрэсу беларусаў свету



Апоўначы стартаваў Сусветны кангрэс беларусаў 2.0. Ён працягнецца 24 гадзіны і праходзіць у фармаце відэаканферэнцыі. Як піша тг-канал by_culture, гэта будзе маштабнае анлайн-мерапрыемства з удзелам беларусаў з усяго свету.

Да яго ўдзельнікаў з вітальным словам звярнулася старшыня Рады БНР Івонка Сурвіла:

– Дарагія суродзічы-беларусы, вітаю вас ад імя Рады Беларускай Народнай Рэспублікі і ад сябе асабіста на гэтым другім віртуальным кангрэсе беларусаў свету. Дзякуй арганізатарам за велізарную працу, якую яны зрабілі, каб ён адбыўся. Вашая прысутнасць на гэтым кангрэсе значыць, што Беларусь жыве. Жыве Беларусь у Канадзе і ў Аўстраліі, у Бразіліі і ў Злучаных Штатах, у Францыі, у Бельгіі, у Польшчы і ва ўсіх іншых краінах, дзе вы сёння знаходзіцеся, як неад’емная частка беларускага народу мы з’яўляемся тым голасам, які дыктатар стараецца ў нас адабраць.

І гэты голас дазваляе нам заняць месца сярод іншых народаў свету, паказаць які мы сумленны, працавіты і міралюбны народ, дадала Івонка Сурвіла:

– Асягнем мы нашы ідэалы, калі салідарнасць, узаемная павага і любоў стануцца нашымі галоўнымі каштоўнасцямі. Дзе б мы не знаходзіліся на паверхні зямлі, мы будзем адчуваць, што мы адна вялікая беларуская сям’я, якую вякамі славілі нашыя продкі пакідаючы ў нашых руках сваю спадчыну. Калі гэта кожны з нас разумее, дарагія браты і сёстры беларусы, ніколі больш чужакі не зняволяць нас. Тады мы разам зможам узяцца за будову той беларускай дзяржавы, пра якую ўсе мы марым. Дык жадаю ўсім нам плённага другога кангрэсу беларусаў свету. Жыве Беларусь!

Кангрэс праводзіцца намаганнямі валанцёраў беларускай супольнасці за мяжой „для арганізацыі глабальнага дыялогу аб будучыні нашай краіны”. У прыватнасці, на розных дыскусійных панэлях будуць абмеркаванні таго, што можна зрабіць для пашырэння беларускасці ў свеце.

Беларускае Радыё Рацыя