Журналіста Дзяніса Івашына абвінавачваюць у “здрадзе дзяржаве”
Журналіста Дзяніса Івашына абвінавачваюць у “здрадзе дзяржаве”. Цяпер яму пагражае да 15 гадоў зняволення. Пра гэта паведаміла яго жонка Вольга Івашына, якая атрымала адказ з КДБ на свой зварот.
Новае абвінавачанне Івашыну выставілі яшчэ 2 верасня, аднак па якім артыкуле – стала вядома зусім нядаўна. Спачатку Івашына вінавацілі толькі ва ўмяшанні ў дзейнасць супрацоўнікаў унутраных спраў, яму пагражала да трох год калоніі. Сваякі і калегі мяркуюць, што прычына затрымання Дзяніса ў тым, што ён расследаваў, як былыя ўкраінскія беркутаўцы ўладкоўваюцца на працу ў АМАП Беларусі.