Франак Вячорка: Крамлю варта пачаць весці перамовы з беларускай апазіцыяй



У рамках Сусветнага кангрэсу беларусаў адбылася дыскусія палітычных экспертаў. У ёй прынялі Павел Латушка, Анатоль Лябедзька, Дзмітры Балкунец, Анатолій Котаў ды расейскі палітолаг Андрэй Суздальцаў, які адзначыў што беларускай апазіцыі не варта чакаць, што Крэмль вырашыць пытанне сыходу Лукашэнкі ад улады за яе.

– Я згодны з тым, што Лукашэнка таксічны для Расеі, але спецыяльна яго ламаць не будуць зараз. Ёсць такое меркаванне, што апазіцыя чакае, калі зменяць Лукашэнку і тады з’явіцца акенца магчымасцяў і апазіцыя ўедзе на белых конях ў Менск. Гэтага ў Маскве не хочуць.

Франак Вячорка ў адказ адзначыў, што Крамлю варта выбудоўваць доўгатэрміновую стратэгію і ўрэшце пачаць весці перамовы з беларускай апазіцыяй, лідары якой апынуліся ў эміграцыі. 

– Калі наступіць той момант парламенцкіх выбараў, прэзідэнцкіх выбараў, хутчэй за ўсё без удзелу Лукашэнкі, усе будуць там. Таму казаць, што асобна дэмакратычныя сілы ў эміграцыі, і асобна лідары ў Беларусі таксама немэтазгодна. У кароткатэрміновай перспектыве – так, калі Масква думае пра бліжэйшыя 6 месяцаў, то ёй трэба шукаць партнёраў сярод тых, хто яшчэ на волі ў падполлі ў Менску, Віцебску, Гародні. Але калі думаць доўгатэрмінова, то трэба глядзець на тых, хто мае шанцы перамагчы. І зараз частка з іх у турмах, а частка ў эміграцыі.

„Крамлю варта зразумець, што час Лукашэнкі сышоў і працягваць яго жыццё на месяц ці на год – гэта дарога ў нікуды, тупіковая стратэгія. Магчыма, пакуль няма зараз разумення як менавіта будуць адбывацца перамены ў Беларусі, але яны могуць пачацца ў бліжэйшыя некалькі месяцаў”, – выказаў здагадку Франак Вячорка. 

Беларускае Радыё Рацыя