Беларускія Дзяды ў Беластоку



Памяць беларускіх дзеячаў ушанавалі прадстаўнікі беларускай дыяспары Беластоку.

На праваслаўных могілках Усіх Святых прайшлі своеасаблівыя Дзяды ў выглядзе экскурсіі па пахаваннях выбітных суайчыннікаў.

Даследчык беларускай гісторыі Беластока Аляксей Трубкін правёў удзельнікаў мерапрыемства па пахаваннях, і каля кожнага распавёў коратка пра асобаў ды іх лёсы.

Сярод тых, хто знайшоў тут свой апошні спачын – адзін са стваральнікаў Таварыства беларускай школы на Беласточчыне ў міжваенны час, паэт Васіль Юравец. Кажа Аляксей Трубкін:

– Нягледзячы на тыя сціплыя варункі, на тую галыцьбу ў якой жылі беларусы на той час, калі не было нічога, людзі мелі час і сілы на тое, каб займацца яшчэ і беларускай справай, якая, як і цяпер, не несла нічога акрамя штрафаў, пасадак і турэмных тэрмінаў.

На пахаваннях беларускіх дзеячаў на праваслаўных могілках Усіх Святых у Беластоку ўдзельнікі экскурсіі пакінулі знічы, кветкі і бел-чырвона-белыя стужкі.

Сярод іншых, гэта пахаванні беларускага пісьменніка і лекара Юркі Геніюша, пісьменніка, журналіста і краязнаўцы Мікалая Гайдука,педагога Мікалая Чарнецкага ды іншых асобаў.

Беларускае Радыё Рацыя