Адвакацкае бюро «Лаеўскі і партнёры» прыняло рашэнне аб ліквідацыі
Пра гэта адвакат Дзмітрый Лаеўскі паведаміў у сваім тэлеграм-канале.
Прычына ў тым, што днямі пачалі працаваць унесеныя вясной 2021 года змяненні ў закон аб адвакатуры, у сувязі з якімі адвакацкія бюро і індывідуальная адвакацкая практыка ў Беларусі скасоўваюцца.
«Мы маглі б сваёй камандай прынесці яшчэ шмат карысці людзям. Але ў тых, хто стварыў і прыняў гэты закон, іншыя прыярытэты.
Дарэчы, вяртанне ў савецкую мадэль адвакатуры „пры мінюсце” было б немагчымым без Беларускай рэспубліканскай калегіі адвакатаў, якая не толькі не запярэчыла супраць змен, але і садзейнічала ім. Акрамя знішчэння адвакацкіх бюро, змены яшчэ больш пашырылі паўнамоцтвы Мінюста, зведучы фразу аб „незалежнасці адвакатуры” да сумнага жарту. Але цяпер не пра гэта.
Я хачу сказаць дзякуй усім нашым падабаронным і кліентам за давер, а маім калегам, якія засталіся ў бюро пасля 18 чэрвеня 2020 года, — за стойкасць і вернасць прынцыпам. Мы ўнеслі ўклад у рух да вяршэнства права ў Беларусі, значыць, усё не дарма», — напісаў адвакат.
Дзмітрый Лаеўскі быў абаронцам экс-кандыдата на пасаду прэзідэнта Беларусі Віктара Бабарыкі.