МАГАТЭ заклікае БелАЭС прадоўжыць выконваць рэкамендацыі па бяспецы
29 кастрычніка паўторная місія МАГАТЭ па эксплуатацыйнай бяспецы (Pre-OSART) завяршыла працу на БелАЭС па ацэнцы выканання рэкамендацый, зробленых два гады таму. Падчас пяцідзённай місіі эксперты паразмаўлялі з персаналам станцыі, ацанілі дакументацыю па бяспецы, азнаёміліся з умовамі на АЭС.
„Каманда ўбачыла значныя паляпшэнні ў праграмах станцыі, працэсах і працы персанала і заклікала станцыю працягваць намаганні для завяршэння астатніх дзеянняў па павышэнні эксплуатацыйнай бяспекі ў падтрымку запланаванай камерцыйнай эксплуатацыі другога блока і для забеспячэння бесперапыннай і бяспечнай і эксплуатацыі першага энергаблока”, – гаворыцца ў прэс- рэлізе на сайце МАГАТЭ.
Спіс рэкамендацый, якія беларускі бок яшчэ павінен поўнасцю выканаць, уключае:
– паляпшэнне інтэграванай сістэмы кіравання для забеспячэння бяспечнай і надзейнай працы ядзерных энергаблокаў;
– удасканаленне праграм па прадухіленні пажараў і абароне, для мінімізацыі рызык узгарання;
– паляпшэнне нагляду і кантролю за маркіроўкай, бяспечным захоўваннем і выкарыстаннем хімікатаў.
Па выніках місіі эксперты падалі кіраўніцтву БелАЭС папярэднюю справаздачу. Беларускі бок можа пакінуць свае каментарыі, якія будуць разгледжаны МАГАТЭ. Канчатковая справаздача будзе прадстаўленая беларускім уладам цягам трох месяцаў.