Праз санкцыі Google заблакаваў акаунт і Youtube-канал Следчага камітэта Беларусі
Амерыканская кампанія Google заблакавала доступ карыстальнікаў да Youtube-канала беларускага Следчага камітэта. Выглядае, што тэхнічна гэта зроблена праз папярэдні бан Google-акаунта СК — прывязаны да яго канал на найпапулярнейшай у свеце відэаплатформе ў такім разе быў зачынены аўтаматычна.
Як можна бачыць, прычыны блакавання палягаюць у амерыканскіх санкцыях, пад якія патрапіў Следчы камітэт.
У паведамленні Google гаворыцца пра адключэнне «ў адпаведнасці з нашымі правіламі датычна абмежавання экспарта і прымянення санкцый». Таксама там згадваецца, што акаунт не можа быць адноўлены.