Пра супярэчлівую постаць прэзідэнта-рэфарматара Саакашвілі



Міжнародныя СМІ паведамляюць пра 33-я суткі галадоўкі экс-прэзідэнта Грузіі Міхеіла Саакашвілі, які быў арыштаваны і змешчаны ў турму адразу пасля вяртання на радзіму з 8-гадовай эміграцыі. Ягоная былая жонка, фламандка Сандра Рулофс, напісала ў сацыяльных сетках, што ейны муж здзейсніў акт грамадзянскае мужнасці. Вяртанне Саакашвілі ў Грузію хоць і не выклікала рэвалюцыю, на якую ён спадзяваўся, але істотна перафарматавала парадак дня ў грузінскай палітыцы. Цяпер партыі ўлады, якая вось ужо 8 гадоў кантралюе сітуацыю ў гэтай постсавецкай краіне, даводзіцца дзейнічаць з улікам таго, што любая сур’ёзная памылка можа прывесці да рэваншу палітычных сілаў, звязаных з апазіцыяй.

Міхеіл Саакашвілі — вельмі супярэчлівая постаць, якая мае ў капілцы асабістых дасягненняў паспяховую трансфармацыю ў Грузіі ў нулявых гадах, але негатыўнае рэнамэ ва Украіне, у якой ён таксама спрабаваў прапаноўваць свае паслугі рэфарматара.

Сакрэты поспеху Саакашвілі ў Грузіі дастаткова вядомыя. Экс-прэзідэнт, маючы ў руках дыктатарскія паўнамоцтвы, засяродзіў высілкі на вырашэнні некалькіх праблем, якія адвялі ягоную краіну ад прадоння. Ён рашуча супрацьдзейнічаў рэгіянальным сепаратызмам, правёў радыкальную і паспяховую рэформу праваахоўнай сістэмы і судоў, здолеў дабіцца дэцэнтралізацыі ўлады, вывеўшы некаторыя інстытуцыі за межы сталіцы. Асноўны ўдар прэзідэнта-рэфарматара быў скіраваны на тое, каб пазбавіць уладных паўнамоцтваў прадстаўнікоў постсавецкіх грузінскіх эліт, якія дзесяцігоддзямі выцягвалі і дзялілі паміж кланамі ўсе рэсурсы краіны. Яшчэ адным напрамкам ягонай дзейнасці, за які яму дагэтуль гавораць дзякуй жыхары курортнай Аджарыі, — гэта інфрастуктурнае развіццё Батумі і ваколіцаў гэтага гораду. Аднак рэформы Саакашвілі ў Грузіі, нягледзячы на іх паспяховасць і своечасовасць, выклікалі непрыманне з боку многіх грамадзянаў, якія выступалі супраць аўтарытарных метадаў трансфармацыі. Інакш кажучы, у адрозненне ад той жа ПНР, у якой існавала грамадзянская згода на “шокавую тэрапію”, грузінскае насельніцтва ў сваёй большасці не надта імкнулася мяняць звыклы лад жыцця, што ў выніку і прывяло да сыходу Саакашвілі з прэзідэнцкай пасады. Пазней, калі кіраваць у Грузіі сталі прадстаўнікі палітычнай партыі “Грузінская мара”, якую звязваюць з прарасейскім алігархам Бідзінай Іванішвілі, прэзідэнту-рэфарматару давялося з’ехаць у эміграцыю.

Цягам сваёй эміграцыі Міхеіл Саакашвілі перыядычна нагадваў пра сябе, спрабуючы ўвайсці ў ролю ўкраінскага палітыка. Атрымаўшы грамадзянства Украіны пасля Рэвалюцыі Годнасці ў 2015 годзе, ён паспрабаваў сябе на пасадзе губернатара Адэскае вобласці. Але хутка амбіцыі Саакашвілі разбіліся аб жорсткую ўкраінскую рэальнасць, калі для вырашэння праблем яму яўна бракавала паўнамоцтваў. А ягонае неразуменне правіл гульні ва Украіне каштавала яму спачатку пасады, а потым увогуле грамадзянства. Прэзідэнт Пятро Парашэнка, які спачатку яго запрасіў ва Украіну, пазней паспрабаваў пазбавіцца ад свайго шкоднага партнёра. Толькі пасля прыходу да ўлады Уладзіміра Зяленскага Міхеіл Саакашвілі вярнуўся ва Украіну, але так і не здолеў аднавіць свае пазіцыі.

І вось пасля апошніх мясцовых выбараў у Грузіі ён паўтарыў учынак Аляксея Навальнага, які таксама вярнуўся з эміграцыі ў Расею, каб стаць сімвалам пераменаў. Але, як і ў выпадку з Навальным, Саакашвілі не змог выклікаць прынцып даміно, пераацэніўшы свой уплыў на грамадства. У дадзены момант Міхеіл Саакашвілі — статусны вязень у краіне, якая паступова страчвае дэмакратычныя заваёвы і зноў адыходзіць у зону ўплыву Крамля.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ