Алена Гнаўк: Не магла проста так усё гэта пакінуць



Асуджаная на тры гады дамашняй “хіміі” 64-гадовая актывістка з вёскі Ткачы Пружанскага раёна Алена Гнаўк не змагла аспрэчыць у Берасцейскім абласным судзе прысуд у адзін год за абразу Лукашэнкі, дабаўлены да двух гадоў дамашняй “хіміі” за “карагодную” справу, кажа Алена Гнаўк:

– Ну як яны гэтую апеляцыю задаволяць. Гэта ж трэба зрабіць ім такі гераічны крок, на які яны, канечне, не гатовыя. Я не магла проста так усё гэта пакінуць. Гэта не ў маім характары.

Паводле Алены Гнаўк, суддзі незвычайна доўга для апеляцыйных спраў раіліся, каб у выніку паведаміць, што прысуд суда Ленінскага раёна Берасця застаецца ў сіле.

Алена Гнаўк на судзе па “карагоднай” справе сказала, што „9 жніўня мінулага году ўладу захапіў не зусім здаровы псіхічна чалавек…”

Памочнік пракурора Аляксей Бараноўскі, які падтрымліваў абвінавачванне па “карагоднай” справе, напісаў дакладную запіску на імя пракурора Берасця, у якой засведчыў “аб нанясенні цяперашняму прэзідэнту Лукашэнку цяжкай абразы, што ўнясе дэстабілізацыю і напружанасць у краіне”.

Аліна Андрыевіч, Беларускае Радыё Рацыя