Пра судзілішча над вядомымі праваабаронцамі
У Гомелі завяршылася судзілішча над праваабаронцамі Леанідам Судаленкам і Таццянай Ласіцай. Трэцяя фігурантка справы, валанцёрка Марыя Тарасенка, пакінула краіну, знаходзячыся на падпісцы аб нявыездзе. Паводле судовага выраку, Леанід Судаленка пакараны на 3 гады калоніі, Таццяна Ласіца — на 2,6 гады. Пра абсурднасць і несправядлівасць працэсу найбольш красамоўна сведчыць тое, што за два месяцы разбіральніцтваў умоўна адкрытым суд быў роўна паўгадзіны. На самым першым пасяджэнні Суддзя Сяргей Салоўскі праз 30 хвілінаў пасля пачатку суда раптам зрабіў яго закрытым, з судовай залы адразу “папрасілі” нават родных праваабаронцы. Затое месца знайшлося прадстаўнікам дзяржаўнай прэсы і невядомым у цывільным.
Згодна неафіцыйнай інфармацыі, у справе Леаніда Судаленкі — каля 80 тамоў. Праз допыты следчых маглі прайсці дзясяткі гомельцаў, якія былі ў той ці іншай ступені звязаныя па працы ці грамадскай дзейнасці з асуджаным. Як прысуд самаму вядомаму праваабаронцу Гомельшчыны, так і маштаб крымінальнай справы, сведчаць пра тое, што ўлады імкнуліся не толькі ізаляваць “вясноўца” ад ягонай дзейнасці, але і максімальна запалохаць актывістаў праваабарончага руху.
Леанід Судаленка ў сваёй дзейнасці неаднаразова пераследаваўся ўладамі, у яго дома праводзіліся ператрусы з канфіскацыяй тэхнікі. Ён атрымліваў пагрозы на адрас сям’і… Нягледзячы на гэта, ён працягваў кансультаваць грамадзянаў па самых рэзанансных справах кшталту адыёзнага Дэкрэта “Аб дармаедах”. Зразумела, калі беларускае грамадства сутыкнулася з паслявыбарчымі рэпрэсіямі, ён не застаўся ў баку. Пасля жніўня 2020 году дзверы офіса Леаніда Судаленкі не зачыняліся, да яго выстройваліся чэргі з соцень грамадзянаў, якім ён дапамагаў кансультатыўна. Некаторым пацярпелым праваабаронца дапамагаў арганізаваць матэрыяльную падтрымку. Зрэшты, гэтыя факты і былі пакладзеныя ў аснову абвінавачання. Следства палічыла, што, напрыклад, дапамога з дастаўкай дроваў сям’і рэпрэсаванага — гэта страшнае злачынства, прама фінансаванне і арганізацыя масавых беспарадкаў.
У звязку з жорсткім прысудам шматдзетнаму бацьку, лаўрэату прэміі Французскай Рэспублікі “Свабода-Роўнасць-Братэрства” Леаніду Судаленку прыгадваецца апошняя з ім тэлефонная гутарка, у якой ён распавёў, што, нягледзячы на пераслед, не збіраецца нікуды з’язджаць. Леанід, хоць цудоўна ўсведамляў рызыкі свайго знаходжання ў Беларусі, аднак не скарыстаўся магчымасцю ад’езда, на што яму настойліва намякалі таварышы. Цяпер ён стаў адным з сотняў афіцыйна прызнаных палітвязняў Беларусі. Сам факт наяўнасці такой колькасці грамадзянаў, якіх пераследуюць за палітычныя погляды і дзейнасць, з’яўляецца вялікай трагедыяй для нашай нацыі і дзяржавы. Але, самае галоўнае, — гэта трагедыя для сем’яў палітвязняў, якіх пазбавілі магчымасці быць побач з блізкімі людзьмі. Леанід Судаленка ў сваіх лістах на волю не страчвае аптымізму, але разлічвае на тое, што беларусы застануцца салідарнымі з тымі, хто ахвяруе сабой дзеля таго, каб мы ўсе жылі ў цывілізаванай і справядлівай дзяржаве.