Пра сімфонію адзінства без класіка
Неўзабаве адбудзецца кінафестываль “Лістапад”. Адкінем тыя скандалы, якія суправаджаюць мерапрыемства, якое яшчэ нават не пачалося. Адкінем тое, што ў кінафестываля па вядомых прычынах з’явіўся новы лога, слоган і прыз. Адкінем нават тое, што з кінафестываля збіраюцца зрабіць чарговую сімфонію адзінства. Пытанне ў тым, ці пакажуць на кінафестывалі фільм пра Янку Купалу, фільм, які вось ужо колькі год баяцца афіцыйна паказаць беларускім гледачам.
Фільм “Янку Купалу” нам абяцаюць паказаць у афіцыйным пракаце даўно. Настолькі даўно, што ўжо мала хто памятае, дзе і калі яго абяцалі паказаць. Прэм’ера фільма пра жыццё і дзейнасць класіка мусіла адбыцца яшчэ 17 снежня 2019 года. Але не адбылася. Быццам не да канца былі зробленыя спецэфекты. Потым рэжысёр карціны Уладзімір Янкоўскі сказаў, што фільм, аказваецца, даслалі на прагляд самаму галоўнаму кінакрытыку! І прэм’еру фільма перанеслі на 2020-ы год. І тут здарылася… Эх, чаго толькі не здарылася. Праляцеў 2020 год. Хутка і 2021 скончыцца, а абяцанай афіцыйнай прэм’еры так не адбылася. Добра, што ў верасні 2020 з’явілася хай сабе пірацкая і недапрацаваная версія, але ўсё-такі з’явілася. А інакш зусім бы не ўбачылі фільм пра Янку Купалу. Дарэчы ўвосень 2020 году нават праходзіла інфармацыя, што “Купалу” пакажуць на фестывалі “Лістапад-2020”. Аднак не паказалі. І вось цяпер неўзабаве пачнецца “Лістапад 2021”. Але штосьці падказвае, што і на іх фільм пра беларускага класіка Купалу не пакажуць. Бо ў сімфонію адзінства асоба Янкі Купалы дакладна не ўпісваецца.