Пра тое, чаму Пуцін паехаў у Крым адзін



Некаторыя палітычныя аглядальнікі, аналізуючы факт падпісання “дарожных картаў” па паглыбленні інтэграцыі Беларусі і Расеі, выказалі меркаванне пра небяспекі, якія нясе за сабой новы этап будаўніцтва так званай Саюзнай дзяржавы. Разам з тым, усе гэтыя развагі маюць істотную хібу па прычыне адсутнасці ў свабодным доступе поўных тэкстаў дакументаў, якія падпісалі кіраўнікі Беларусі і Расеі. Гэты момант, роўна як і адсутнасць Уладзіміра Пуціна на цырымоніі падпісання “эпахальнага” дакумента, сведчаць пра тое, што на дадзены момант гаварыць пра істотны прарыў у інтэграцыі не выпадае. Мерапрыемства, хутчэй за ўсё, задумвалася як чарговы піяр, у якім меўся ўдзельнічаць расейскі прэзідэнт. І, нягледзячы на тое, што ён нібыта меўся прыехаць з афіцыйным візітам у беларускую сталіцу, гэтага не адбылося. Уладзімір Пуцін дэманстратыўна паехаў святкаваць расейскае дзяржаўнае свята Дзень народнага адзінства ў “горад славы рускіх маракоў” Севастопаль. А за самім падпісаннем “Дэкрэту”, які зацвярджаў 28 саюзных праграм, расейскі правадыр назіраў праз відэасувязь. Потым, праўда, афіцыйныя СМІ паведамілі, што пасля падпісання “дарожных картаў” абодва кіраўнікі прагаварылі паўтары гадзіны па тэлефоне, аднак, відавочна, абмежаваны ўдзел расейскага правадыра ў падзеі ўказвае на тое, што ў пытанні паглыблення інтэграцыі захоўваецца статус-кво.

Аляксандр Лукашэнка, каментуючы вынікі падпісання Дэкрэта, паўжартам паскардзіўся на Уладзіміра Пуціна, які “не ўзяў яго з сабой у крымскую паездку”. Ён распавёў, што Уладзімір Пуцін абяцаў яму “запрасіць у Крым і паказаць усё новае, што было створана на паўвостраве”. Аднак замест супольнай паездкі па анексаванай паўвыспе давялося абмежавацца відэатрансляцыяй. Чаму ж Уладзімір Пуцін не запрасіў свайго калегу з Беларусі ў Крым? Адказ на гэтае пытанне можа ў нейкай ступені праясніць тое, у якім стане знаходзяцца беларуска-расейскія адносіны на цяперашнім адрэзку часу.

Дзіўнаваты фармат падпісання саюзных праграм асобныя эксперты патлумачылі прычынамі, якія ўмоўна можна вылучыць у дзве групы. Першая — непрыязнь паміж двума кіраўнікамі. Дадзеная версія не вытрымлівае крытыкі, паколькі, як паказвае практыка, кіраўнік Расеі нават свавольствы Рамзана Кадырава церпіць, калі той дапамагае вырашаць інтарэсы Крамля на Каўказе. Другая прычына, якой спрабуюць тлумачыць адсутнасць Пуціна ў Менску, — нібыта яго боязь, што “цывілізаваны Захад” асудзіць такія кантакты з “беларускім дыктатарам”. Сама паездка Уладзіміра Пуціна ў Крым, якая з пункту гледжання міжнароднага права, з’яўляецца незаконнай, як бы паказвае, што насамрэч расейскі кіраўнік думае пра свой вобраз у вачах лідараў заходняга свету.

Украінскі паўвостраў Крым, анексаваны Расейскай Федэрацыяй у 2014 годзе, з’яўляецца дастаткова спецыфічным рэгіёнам, у якім дагэтуль больш савецкага, чым расейскага. Нягледзячы на бясконцыя датацыі і рэалізацыю некалькіх маштабных інфраструктурных праектаў кшталту будаўніцтва моста праз Керчанскую затоку, мясцовае насельніцтва дастаткова стрымана ставіцца да рэалій расейскага палітычнага жыцця. У аснове ідэнтычнасці многіх крымчанаў — міф пра шчаслівае жыццё пры Савецкім Саюзе. Жыхары гэтай паўвыспы з цяжкасцю ўспрынялі тое, што рэальная Расея з яе алігархамі, карупцыяй і бандытызмам мае мала супольнага з іх ідэалам дзяржаўнага ўладкавання. Адсюль, можна сказаць, іх скепсіс у дачыненні да крамлёўскага кіраўніцтва. У той жа час насельніцтва Крыму ўспрымае рыторыку Аляксандра Лукашэнкі з ягоным своеасаблівым бачаннем каронакрызісу і з уласцівым яму стылем кіравання. На фоне былога чэкіста з замашкамі алігарха беларускі правадыр насельніцтвам Крыма будзе ўспрымацца з большым энтузіязмам. І менавіта гэтая прычына, верагодна, паслужыла тым, што ў Севастопаль Уладзімір Пуцін паехаў адзін.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ