Гарадзенскаму сябру БАЖ адмовілі ў акрэдытацыі
Гарадзенскаму сябру Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэю Мялешку адмовілі ў акрэдытацыі ў якасці журналіста Беларускага Радыё Рацыя.
Журналіст падаваў у 2014 годзе на акрэдытацыю ў Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Беларусь у якасці пастаяннага акрэдытаванага журналіста замежнага СМІ.
Па словах журналіста, у пісьмовым адказе прадстаўнікі МЗС так і не далі тлумачэння з-за чаго адмовілі журналісту:
– Па Канстытуцыі кожны грамадзянін Рэспублікі Беларусь мае права на атрыманне і распаўсюд інфармацыі, але атрымліваецца так, што кожны чыноўнік у нейкай маленькай установе просіць акрэдытацыю. Ён вырашыў для сябе, што яна патрэбная яму, не гэтай установе, не гэтым людзям, якія там працуюць, а менавіта гэтаму чыноўніку, які хоча паказаць, што ён стаіць вышэй за Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь. Сам адказ, які я атрымаў, у ім не напісана, чаму адмоўлена. Напісаны толькі пункты палажэння, не распісана што не так зроблена, чаму яны мне адмаўляюць.
Андрэй Мялешка стаў ужо другім гарадзенскім журналістам, якому адмоўлена ў акрэдытацыі. Яго калега Віктар Парфёненка ў 2015 годзе атрымаў адмову ў акрэдытацыі ў якасці карэспандэнта Беларускага Радыё Рацыя ўжо сёмы раз і працягвае змаганне за акрэдытацыю ў судовым парадку.
Беларускае Радыё Рацыя, Гародня