Кобрынскую міліцыю хвалюе толькі абраза Лукашэнкі



Кобрыньскіх актыўных грамадзян мясцовыя ахоўнікі рэжыму не пакідаюць у спакоі. Трэці месяц яны шукаюць чалавека, які ў Кобрыньскім тэлеграм-чаце абразіў Лукашэнку.

Па некалькі разоў прыходзяць да адных і тых грамадзян, кажа інвалід 2 групы з вёскі Дзевяткі Кобрыньскага раёну Аляксандр Краўчук:

– Да мяне ў чарговы раз прыехалі супрацоўнікі міліцыі для правядзення вобшуку па крымінальнай справе за абразу Лукашэнкі – 368 артыкул. У гэты ж дзень у майго знаёмага ў Кобрыні правялі адзін вобшук у межах крымінальнай справы. Крымінальная справа, калі я не памыляюся, была заведзена ў верасні і з таго часу яны не даюць людзям спакою.

Паводле Аляксандра Краўчука, да гэтага ў яго былі ўжо два вобшукі ў межах гэтай справы. На гэты раз палезлі нават у лазню, добра, што пачакалі, пакуль людзі выйдуць. Нічога не знайшлі і не забралі, бо ўсё забралі раней. Яшчэ трэба адзначыць, што крымінальныя злачынствы пайшлі ўгору, бо міліцыі няма часу займацца непасрэднымі справамі.  

Беларускае Радыё Рацыя