Палітвязень Салавей: “Трымайце хвост пісталетам і беражыце здароўе!”
Знаходзячыся больш года у няволі Ігар не губляе гумару, што вельмі важна. У адным з апошніх лістоў пажартаваў: “Мяркую, што ў пытанні з COVID-19 болей пашчасціла зняволеным, пакуль зараза гуляе па планеце мы тут сядзім у адноснай бяспецы”. Добры сарказм, значыць не згубіўся, не зламаўся і трымае розум цвярозым! Хаця яму надзвычай не лёгка.
Увосень ліставанне паміж намі стала часцей, але сябра час ад часу знікае, як піша: “Не змог адразу ж адказаць, быў адзін, без канвертаў, асадак, сшыткаў дзесяць і плюс яшчэ сем сутак…”. Кідаюць у карцар (штрафны ізалятар).
На сённяшні дзень Ігар Салавей з’яўляецца адным з 26 пінчукоў, якіх асудзілі ў межах гучнай “Пінскай справы”, кропку ў ёй сілавікі яшчэ не паставілі. Беларускай праваабарончай супольнасцю ён прызнаны палітычным вязнем. Ігару далі шэсць гадоў ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Пакаранне адбывае ў Магілёўскай вобласці ў бабруйскай калоніі №2.
“У мяне новая праца – аддзяляю гуму ад дроту. Відавочна, папярэднюю працу на волі я выконваў кепска (працаваў кіроўцам, – аўт.), калі дзяржава мне прадаставіла новую. Працаваць трэба па тры гадзіны на дзень, чатыры разы ў тыдзень. Ну, і аплаты, канечне, ніякай. Гэта абавязковая праца. Гэта важней таго, чым я займаўся на волі. Тады чаму мне з працы напісалі вельмі добрую характарыстыку да справы?…”, – разважанні Ігара.
Варта нагадаць, што за падзеі 9-га жніўня ў Пінску пацярпела 26 пінчукоў і магчыма лічба будзе павялічвацца. На адным з судовых паседжанняў прадстаўнік упраўлення Пінскага ГАУСа заявіў, што ўсяго ў поле зроку міліцыянтаў 150 чалавек. Усе яны патэнцыйныя фігуранты “Пінскай справы”.
Дык вось, 9 жніўня 2020 года, перад закрыццём выбарчых участкаў жыхары Пінска пачалі збірацца ў гістарычным цэнтры на пешаходнай вуліцы Леніна. Неўзабаве натоўп арганізаваўся каля будынка мясцовага гарадскога выканаўчага камітэта, дарэчы ў гэтым жа будынку знаходзіцца і раённы выканаўчы камітэт. Вакол “стратэгічнага аб’екта” ўжо стаяла ачапленне міліцыянтаў у баявой амуніцыі. Людзі, а гэта па розных падліках 2-3 тысячы, патрабавалі толькі аднаго – агучыць сумленныя вынікі галасавання па Пінску.
Калі пінчукам паведамілі пра цяжка ўяўляемыя 80% з гакам, то натоўп абурыўся. Удзельнікі стыхійнага мітынгу выказвалі недавер да падліку галасоў, абяцалі, што не разыйдуцца пакуль не пачуюць праўды. Праз некаторы час у гарвыканкам прапусцілі групу дэлегатаў для перамоў. Ніякага сэнсу тое не дало. Людзі працягвалі стаяць і выказваць абурэнне вынікамі так званых выбараў.
Ужо а поўначы натоўп радзеў і пэўна, калі б не спробы сілавікоў узяць дэманстрантаў у атачэнне, то сутычкі б не было, напэўна відэа бойкі пабачылі сотні тысяч чалавек. Гадзіна-другая і грамадзяне пайшлі б па хатах, бо не было аніякай каардынацыі мітынгу, нейкага плану дзеянняў і стаянне вымотвала, а тым больш, калі пінчукі выказаліся, хваля эмоцый сыходзіла. Адбылося тое, што адбылося…
Са свайго боку міліцыянты ўпэўненыя, што ў тую жнівеньскую ноч выратавалі Пінск ад пагромаў і хаосу. Ужо літаральна праз тыдзень, калі жыхары Пінска збіраліся на масавыя сходы на галоўнай плошчы, старшыня мясцовага ГАУСа Дзмітрый Каравякоўскі прапанаваў пратэстоўцам прынесці кветкі да гарвыканкама. Паводле ягоных слоў, гэта была б праява павагі і ўдзячнасці сілавікам, якія коштам уласнага здароўя стрымалі беспарадкі.
Па версіі следства, ў выніку супрацьстаяння пацярпела 109 міліцыянтаў, якія запатрабавалі спагнаць з асуджаных шматтысячныя кампенсацыі маральнай шкоды. Суд іх часткова задаволіў. Таксама ў ходзе працэса прагучала, што мітынгоўцы нанеслі шкоду гарадскім камунальнікам: знішчылі смеццязборнікі, чатыры туі, 30 петуній, 110 аксамітак…
Сваёй віны Салавей, як і большасць фігурантаў, не прызнаў. Ён заняў прынцыповую пазіцыю і ў дачыненні да так званага “спісу Васкрасенскага”.
“Ад Васкрасенскага альбо ягонага асяроддзя я ніякіх прапаноў не атрымоўваў, але хлопцы нашыя пінскія атрымоўвалі лісты і вязням з іншых гарадоў таксама нешта даходзіла. Думкі дваякія, хтосьці напісаў (маецца на ўвазе прашэнне аб памілаванні, – аўт.), хтосьці прынцыпова не збіраецца. Але ўсе пагаджаюцца з меркаваннем, што нам усім тут няма чаго рабіць… Мая пазіцыя ў гэтым прынцыповая! Выпускаць усіх адразу! Ёсць людзі, якія ўжо год таму гэтыя прашэнні напісалі. Сядзяць да сёння! Таму ўжо мала хто спадзяецца на гэтыя памілаванні…”.
Палітвязень дадае, што многія бачаць у гэтым нейкую правакацыю, бо падпісаць прашэнне аб памілаванні не праблема, але ніхто не дае хоць якой гарантыі на вызваленне. Разам з тым падпісанты аўтаматычна вызнаюць віну перад рэжымам і абяцаюць надалей паводзіць сябе пакорліва. Выглядае, як нейкая пастка.
Нельга не адзначыць, што Ігар Салавей адзін сярод асуджаных за леташнія жнівеньскія падзеі ў Пінску, які не выпадковы чалавек у грамадска-палітычным жыцці. Мае пэўную вядомасць у грамадскіх колах і годную біяграфію. Нарадзіўся 19 ліпеня 1983 года ў сталіцы беларускага Палесся. Ягоная бабуля выкладала беларускую мову і літаратуру, а дзядуля рэдагаваў газету “Звязда на меліярацыі Палесся”, гэта па бацькоўскай лініі. Маці ўсё жыццё аддала медыцыне, а бацька працаваў на тэхнічных пасадах тады яшчэ заможных мясцовых прадпрыемстваў.
Удзельнічаць у грамадскіх акцыях Ігар пачаў яшчэ напрыканцы 90-х гадоў. У 2000 годзе стварыў Пінскую арганізацыю “Маладога фронту”, якая налічвала 40 чальцоў. Структура хутка выйшла з пад кантролю Менска, бо пінскія маладафронтаўцы падтрымалі КХП-БНФ начале з Зянонам Пазьняком. Фактычна гэта стала моладзевым крылом Пінскай гарадской арганізацыі Кансерватыўна-Хрысціянскай Партыі – БНФ. Мясціліся ў адной сядзібе, ладзілі сумесныя акцыі: “Чарнобыльскі шлях”, “Дзяды”, “25-е сакавіка” і г.д. Арганізоўвалі на мясцовым ўзроўні прэзідэнцкую кампанію 2001 года, пакуль у ёй удзельнічаў Пазьняк. З-за рэпрэсій у 2002 годзе Салавей разам з паплечнікамі прынялі рашэнне “часова прыпыніць дзейнасць Пінскага Маладога фронту”.
На гэтым грамадскую дзейнасць Ігар не спыніў. У 2006 годзе збіраў подпісы за Аляксандра Мілінкевіча і атрымаў 10 сутак за знаходжанне ў намётавым лагеры на Кастрычніцкай плошчы – “Плошча Каліноўскага”. Праз тры гады яго з парушэннямі забралі ў войска, тады ў краіне ўлады арганізавалі кампанію па ізаляцыі моладзевых актывістаў, якая атрымала назву “палітычны прызыў”. Годна адслужыў у зенітна-ракетнай часцы №15994, што пад Івацэвічамі, атрымаў званне сяржанта. У нечым служба нават спадабалася і на тры гады застаўся па кантракце. У 2013 годзе вярнуўся ў родны горад, дзе да затрымання працаваў кіроўцам. Уваходзіў у кіраўніцтва гуманітарна-асветніцкага аб’яднання “Садружнасць Палесся”, якое літаральна на днях ліквідавалі па рашэнню Упраўлення юстыцыі Берасцейскага аблвыканкама.
Выказаўся палітвязень і па знішчэнню арганізацыі, актывісты якой займалася на Піншчыне рэалізацыяй краязнаўча-турыстычных ініцыятыў. Між іншага добраўпарадкавалі пяць крыніц, адкрылі сучаснікам палескую спадчыну амерыканскай вандроўніцы Луізы Арнер Бойд.
“Мы можам і створым зноў нешта аналагічнае, але ці прыйдзем мы да тых, хто нас ліквідаваў? Адродзяцца і іншыя. Без грамадскіх аб’яднанняў немагчымае нармалёвае прагрэсіўнае жыццё грамадства, а кожнае такое аб’яднанне дае штуршок, уносіць, хай зусім малое, ў падмурак краіны…”.
Палітвязень спадзяваўся на доўгатэрміновае спатканне з маці. Планавалася яно на канец кастрычніка, але не дазволілі, замянілі на кароткую сустрэчу. 30 кастрычніка маці не змагла прыехаць, захварэла на каронавірус. Ігар вельмі хвалюецца за здароўе сваякоў і сяброў, ведае, якая неспрыяльная эпідэміялагічная сітуацыя на волі. Просіць усіх берагчыся.
“Магчыма перыядычна буду “прападаць” на невядомую колькасць сутак, ну, гэта ж не санаторый. Удзячны ўсім за падтрымку і перадаю прывітанне! Нічога не бойцеся!”.
Пятро Савіч, Беларускае Радыё Рацыя