Ён любіў Беларусь і пісаў вершы па-беларуску
Беларускаму паэту і перакладчыку Дзмітрыю Шатыловічу (1926-2020) 8 лістапада споўнілася б 95 гадоў з дня нараджэння. Гэта ён некалі напісаў:
Ужо лепш я хацеў бы нырнуць дзесь пад лёд,
Утапіцца ці куляй пакончыць з сабою, –
Як запляміць Айчыну і родны народ
Злом і брудам ілжы – для багацця, спакою.
Дзмітры Шатыловіч нарадзіўся ў 1926 годзе ў вёсцы Чаромха ў Беластоцкім ваяводстве ў сялянскай сям’і. У 1939 годзе скончыў 6 класаў польскай пачатковай школы на станцыі Чаромха і пасля да чэрвеня 1941 года вучыўся ў Бельску Падляшскім ў сярэдняй школе савецкага тыпу.
У час нямецкай акупацыі ў сакавіку 1943 года Дзмітры Шатыловіч быў вывезены на прымусовую працу ва Ўходнюю Прусію пад горад Хайльсберг. Пасля прыходу туды Чырвонай Арміі ў лютым 1945 года яго ўзялі ў армію і накіравалі на фронт. Пад канец лютага Дзмітры Шатыловіч быў цяжка паранены ў левы бок і асколкам у брыво левага вока і перавезены ў вайсковы шпіталь ў Зээбургу.
У час дэмабілізацыі ў студзені 1946 года беларус вярнуўся з Бабруйска дамоў і паступіў у 4-ты клас Беларускай гімназіі ў Бельску Падляшскім, які закочыў у чэрвені 1946 года. У сувязі з тым, што польскія ўлады ў жнівені 1946 года ліквідавалі Беларускі ліцэй у Бельску Падляшскім, здаў іспыты ў польскі ліцэй імя Тадэвуша Касцюшкі ў Бельску Падляшскім, які скончыў у чэрвені 1948 года і быў накіраваны Міністэрствам асветы ў Варшаве ў Ленінградскі электратэхнічны інстытут, які закончыў ў снежні 1953 года, атрымаўшы ў Польшчы дыплом інжынера электрыка-аўтаматыка.
Пасля інстытута Дзмітры Шатыловіч пачаў працаваць у праектным бюро ў Варшаве, дзе праектаваў многія цеплавыя электрастанцыі і ў Польшчы, і за мяжой. Быў паўгода на аўтарскім наглядзе ў Югаславіі і амаль тры гады ў Індыі ў Бакара. А ў вольны час ад працы працаваў гідам замежных польскіх экскурсій у польскім турыстычным бюро «Орбіс».
Дзмітры Шатыловіч быў заслужаным дзеячам культуры Польшчы, сябрам Саюза польскіх літаратараў і ганаровым сябрам Саюза беларускіх пісьменнікаў.
Беларус усё жыццё размаўляў на роднай мове, пісаў вершы і ўспаміны. З-пад яго пяра з друку выйшлі зборнікі паэзіі “Эцюды падарожжа”, “Маё Падляшша”, “Хвалі часу”, “Вясёлка над імглою”, “Струмені лёсу”, “Гронкі надзеі”, “Янтарныя віры” і многія іншыя кнігі вершаў. Выдаў том успамінаў “Успаміны. 1955-1988”.
Кнігі Дзмітрыя Шатыловіча – светкі розных падзей, вандровак, сустрэч, а гэта – жывыя дакументы, якія дапаўняюць наша жыццё і нашу гісторыю.
Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя