Начальнік берасцейскай калоніі не памятае, чаму садзіць людзей у штрафны ізалятар
Практычна не прапускаюць лісты і перадачы і не даюць магчымасці звязвацца па відэасувязі. Так зараз выглядае сітуацыя з берасцейскім палітвязнем Цімурам Рызапурам. Фактычна год ён знаходзіцца за кратамі па частцы 2 артыкула 293 крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь або за ўдзел у масавых беспарадках, – распавяла яго жонка Алена Рызапур:
„Апошняя інфармацыя такая: я даведалася, што ён знаходзіцца ў штрафным ізалятары, яго пасадзілі туды на 12 дзён. Па якой прычыне, яны мне так і не сказалі. Я стэлефаноўвалася з начальнікам калоніі, і ў нас з ім была размова: чаму майго мужа щвесь час туды садзяць? На што ён адказаў – я не памятаю. Што гэта за адказ начальніка? Вядома, мяне такі адказ не задаволіў”.
Алена Рызапур спадзяецца, што перамены ў Беларусі адбудуцца ў бліжэйшы перыяд і яе муж не правядзе за кратамі поўны тэрмін (4 гады і 6 месяцаў) па крымінальнай палітычна матываванай справе.
Беларускае Радыё Рацыя