Марыя Тарасенка: Там не было ніякіх важкіх аргументаў



Нягледзячы на падпіску аб неразгалошванні, Марыя Тарасенка распавяла, як праходзіў закрыты судовы працэс над гомельскім праваабаронцам Леанідам Судаленкам і яго памочніцай Таццянай Ласіцай.

Там не было ніякіх важкіх аргументаў, якія б будавалі абвінавачванне. Толькі такія вось – мы хочам іх асудзіць. Чырвоная нітка, якая праходзіла праз следства і суд, – іх трэба асудзіць, таму што яны дапамагалі тым людзям, якія асмеліліся выказацца супраць аб’яўленых вынікаў выбараў прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у 2020 годзе.

Леанід Судаленка і яго памочніцы дапамагалі рэпрэсаваным людзям, за што іх абвінавацілі ў артыкуле 342 КК РБ (групавыя дзеянні, што груба парушаюць грамадскі парадак). У выніку праваабаронцы сядуць у калонію: Леанід Судаленка на тры гады, а Таццяна Ласіца — на два з паловай гады (прысуд ім вынеслі трэцяга лістапада).

Трэба прыкладаць намаганні, каб у Беларусі такая сітуацыя не паўтарылася, кажа Марыя Тарасенка.

 А каб яна не паўтарылася, людзі не павінны быць абыякавымі і не павінны дазваляць складваць усю ўладу ў адны рукі. А ў нас менавіта адбылася такая сітуацыя за 27 год, што мы аддалі ўсю ўладу ў адны рукі. І зараз мы пажынаем плён сваёй абыякавасці.

Суд над праваабаронцам Леанідам Судаленкам, а таксама ягонымі памочніцамі Таццянай Ласіцай і Марыяй Тарасенка доўжыўся два месяцы і быў закрытым. Удзельнікі працэсу мелі падпіску аб неразгалошванні. Марыя Тарасенка была таксама пад падпіскай аб нявыездзе, але перад агалошваннем прысуду пакінула Беларусь. Дзяржабвінаваўцы запрасілі для яе два з паловай гады калоніі.

Ева Бардзілоўская, Беларускае Радыё Рацыя