Мікалай Казлоў: У судзе я так і не высветліў, што я парушыў



Гарадскі суд Менску сёння, 9 лістапада, разгледзіць скаргу старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Міколы Казлова. Нагадаем, што палітык быў асуджаны на 3 месяцы арышту нібыта за разгалошванне дадзеных следства.

Як сказаў у размове з Радыё Рацыя Мікола Казлоў – былы афіцэр міліцыі, гэтая крымінальная справа абсалютна пазбаўлена сэнсу.

Я ўжо не гавару пра склад злачынства, пра падзеі злачынства, таму што нічога гэтага няма. Проста ўзята з галавы і сфабрыкавана. Я не разумею дасюль, што я парушыў. Канкрэтна ў судзе я так і не высветліў. Напісаў адпаведную скаргу, якая будзе разгледжана. Я не ведаю, якое прымуць рашэнне суддзі, разлічваць на правасуддзе не выпадае, мы ж разумеем, дзе мы жывем. Але я хачу сказаць, што я буду абскарджваць аж да Камітэта па правах чалавека ААН. Я прайду ўсе інстанцыі. Я хачу, каб кожны чалавек, я маю на ўвазе судзейскі корпус, свядома ставіў свой подпіс пад такім неправасудным прыгаворам. Гэта не пытанне складанасці злачынства. Гэта абсалютна прыдуманая справа. І мушу сказаць, што наколькі я ведаю, па гэтым артыкуле «Разгалошванне дадзеных папярэдняга расследавання» – гэта першая крымінальная справа. Тут я першапраходзец. Самае цікавае, што мы і на судовым паседжанні так і не высветлілі, хоць яно было закрытае, якія сакрэтныя дадзеныя я разгалошваў. Я не даваў паказанняў, я не даваў падпіскі, ніякіх дадзеных мне не было вядома. Мне ніхто нічога не паведамляў. Мне ў прынцыпе няма чаго паведаміць. Нават калі б я вельмі хацеў штосьці паведаміць, я б гэта не змог зрабіць, бо гэтыя звесткі мне не былі вядомыя. Гэтая справа сфабрыкавана на аснове двух інтэрв’ю, якія я даваў у студзені гэтага году. Для мяне судовая сістэма выклікае больш пытанняў, чым гэтыя амоны і губопікі, якія проста, па-мойму, расперазаліся і не звяртаюць увагу на закон. Таму што людзі губляюць надзею на справядлівасць. Калі няма суда – гэта самае кепскае, што можа быць у краіне. Таму ў будучым нам трэба будзе разбірацца з судовай сістэмай, бо гэта невыносна, калі глядзіш на суддзю, ён усё разумее, але выносіць відавочнае незаконнае рашэнне.

Цалкам размова:

„І адказнасць за гэтыя злачынствы абавязкова настане. Праз некалькі месяцаў, ці праз некалькі гадоў, ці навата дзесяцігоддзяў, але адказнасць настане. Я гэта абсалютна дакладана ведаю,” – кажа Мікола Казлоў.

Беларускае Радыё Рацыя