Мінабароны Беларусі адмаўляе сваю датычнасць да міграцыйнага крызісу
Міністэрства абароны Беларусі папракнула польскіх калегаў у неабгрунтаванасці абвінавачання беларускіх вайскоўцаў у тым, што яны датычныя да міграцыйнага крызісу і парушаюць мяжу Польшчы.
Прэс-служба беларускага ваеннага ведамства паведаміла, што 8 лістапада аташэ па пытаннях абароны пры пасольстве Беларусі ў Польшчы Аляксей Бортнік сустрэўся з прадстаўнікамі мясцовага Міністэрства нацыянальнай абароны. Сустрэча, ініцыяваная польскім бокам, тычылася парушэнняў беларускімі вайскоўцамі польскай мяжы, якія нібыта мелі месца, і іх датычнасці да міграцыйнага крызісу”. „Пры гэтым якіх-небудзь доказаў, зафіксаваных сродкамі аб’ектыўнага кантролю, па сутнасці гэтых прэтэнзій выстаўлена не было”, — адзначылі ў Мінабароны.
Бортнік на сустрэчы заявіў, што Міністэрства абароны Беларусі „заўсёды было прыхільнае да прынцыпаў добрасуседства і важнасці падтрымання двухбаковага дыялогу для вырашэння любых канфліктных і спрэчных сітуацый”.
Паводле яго слоў, беларускае ваеннае ведамства лічыць, што размяшчэнне 10 тыс. польскіх вайскоўцаў каля польска-беларускай мяжы, як было заяўлена міністрам нацыянальнай абароны Рэспублікі Польшча 25 кастрычніка 2021 года, з’яўляецца істотнай ваеннай дзейнасцю. Такая дзейнасць без апавяшчэння Беларусі, лічаць у Мінабароны, з’яўляецца „парушэннем двухбаковых дадатковых дамоўленасцяў аб рэгіянальных мерах даверу і бяспекі”.
„Названымі пагадненнямі прадугледжваецца накіраванне паведамлення і запрашэнне назіральнікаў за ваеннай дзейнасцю, у якой прымаюць удзел 6 тысяч і больш вайскоўцаў. Да цяперашняга моманту Мінск не атрымаў ад польскага боку ні паведамлення, ні запрашэння назіральнікаў”, — падкрэслілі ў ваенным ведамстве.
У міністэрстве адзначылі, што „у пацвярджэнне сваіх добрых намераў польскаму боку было прапанавана правесці двухбаковую сустрэчу для абмеркавання гэтай заклапочанасці з абодвух бакоў”, аднак адказу да гэтага часу няма.
„З улікам вышэйпададзенага беларускае абароннае ведамства лічыць абвінавачанні польскага боку неабгрунтаванымі і бяздоказнымі, а таксама, што Міністэрства нацыянальнай абароны Рэспублікі Польшча не нацэленае на канструктыўнае вырашэнне пытання і наўмысна выводзіць канфліктную сітуацыю на палітычны ўзровень”, — заявілі ў Мінабароны Беларусі.
Як паведамлялася, 8 лістапада ў раёне пункта пропуску „Кузніца Беластоцкая” (з беларускага боку — „Брузгі”) была здзейсненая спроба масавага пранікнення на тэрыторыю Польшчы нелегальных мігрантаў, як мяркуецца, з Іракскага Курдыстана, цераз загароду з калючага дроту. На ноч мігранты разбілі лагер уздоўж лініі мяжы з беларускага боку.