Чаму беларусы “не спачуваюць” мігрантам з лагера на мяжы з Польшчай?
У цэнтры ўвагі сусветных СМІ – сітуацыя на ўчастку беларуска-польскага кардону, дзе некалькі тысяч выхадцаў з Бліжняга Усходу расклалі лагер пасярод лесу. Уцекачы намагаюцца прарваць ачапленне польскіх сілавікоў, каб трапіць з Беларусі на тэрыторыю ЕЗ. Беларускі бок у тое, што адбываецца на мяжы, не ўмешваецца. Больш за тое, афіцыйныя прэс-службы тыражуюць паведамленні, у якіх вінавацяць у “маральнай чэрствасці” подлых еўрапейцаў. Рэакцыю беларускага грамадства ва ўмовах разгромленай журналістыкі, забароненай сацыялогіі і зачышчанага грамадскага актывізму акрэсліць складана. Можна з доляй пэўнасці, аднак, сцвярджаць, што беларусы ў асноўнай масе не надта спачуваюць мігрантам. Ці, прынамсі, не выяўляюць вялікага імпэту ў справе арганізацыі дапамогі людзям, якія насамрэч маюць патрэбу сама меней у цёплых рэчах і прадуктах харчавання. На фоне фенаменальнага ўздыму валанцёрскага руху, які назіраўся цягам году пасля так званых выбараў 2020 года, такі стан рэчаў наштурхоўвае на пэўныя думкі.
Чым абумоўленая пасіўнасць беларусаў, якія не спяшаюцца дапамагаць нараджэнцам Сірыі, Іраку ці Афганістану, што апынуліся апошнім часам у Беларусі? Падаецца, у нежаданні суайчыннікаў дапамагаць нелегальным мігрантам ёсць цэлы комплекс прычын. Не апошнюю ролю ў гэтым адыгрывае тое, што так званыя “турысты” ўспрымаюць Беларусь як транзітную краіну, без належнай павагі і без жадання разумець спецыфіку жыцця тутэйшага насельніцтва. Фотаздымкі з шумнымі натоўпамі, якія арганізоўваюць начлегі прама пасярод падземных пераходаў ці ў калідорах гандлёвых цэнтраў, часта не знаходзяць разумення ў беларусаў.
Яшчэ адным раздражняльнікам з’яўляюцца паводзіны “гасцей” з паўднёвых краін, якія высякаюць лес для абагрэву. Кадры з несанкцыянаванай высечкай, дарэчы, распаўсюджваюць з невядомай мэтай дзяржаўныя СМІ. Рэакцыя суайчыннікаў, якія сутыкаюцца пастаянна з жорсткімі абмежаваннямі ў сферы гаспадарання лесам, прадказальная. Больш таго, калі ўлічыць, што сёлета пенсіянеры ў многіх рэгіёнах краіны мелі праблемы з набыццём дроваў, то ўвогуле эмоцыі зразумелыя.
Аднак, як падаецца, адной з галоўных прычынаў “бяздзейнасці” беларусаў у пытанні дапамогі мігрантам з’яўляецца вялікая культурная і цывілізацыйная дыстанцыя паміж намі, жыхарамі Еўропы, і выхадцамі з арабскіх ці цюркскіх краінаў. Навуковым шляхам неаднаразова даведзена, што прычынай міжкультурных і цывілізацыйных канфліктаў часта з’яўляецца бінарнае светаўспрыманне па схеме “свой-чужы”. Калі ў выпадку да суседзяў з Польшчы ці Літвы вызначэнне “чужы” можна выкарыстаць з нацяжкай, то ў дачыненні да гіпатэтычнага курда з Сірыі ўстаноўка на ўспрыманне чужынца будзе адназначнай. Улічваючы таксама тое, што беларусы да нядаўняга часу не асабліва ўключаліся ў глабальныя міграцыйныя плыні, то ў нашага насельніцтва склаліся даволі цьмяныя ўяўленні пра мультыкультуралізм і талеранцыю ў сучасным свеце.