Франак Вячорка: Лукашэнка пралічыўся, думаючы, што змусіць ЕЗ да размовы



Працягваецца эскалацыя напружанасці на беларуска-польскай мяжы. І гэта свядомы выбар Лукашэнкі. Ён абраў такую стратэгію ў гэтым канфлікце.

Такое меркаванне наконт апошніх падзей на беларуска-польскай мяжы выказаў у нашым эфіры дарадца Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка:

– Сітуацыя эскалуецца, і гэта свядомы выбар Лукашэнкі. Ён такую выбраў стратэгію. Цяперашні расклад сілаў не прадугледжвае, напрыклад, дээскалацыі, а пасля вяртання да нейкага ціску. Яму тэба пастаянна ўзмацняць ціск. Зараз, калі рэпрэсіі, арышты, сведчанні пра катаванні не выклікаюць такога шоку, ён пачынае рабіць новыя, больш дзіўныя, больш жорсткія рэчы ў дачыненні да суседзяў. І крызіс з мігрантамі – гэта спроба звярнуць на сябе ўвагу, прымусіць Польшчу размаўляць з Лукашэнкам, і ў рэшце рэшт працягваць нагнятаць страх. Таму што ў крызісе з мігрантамі ён сапраўды выглядае крыважэрным тыранам.

РР: Польшчу ці ўвець Еўразвяз? Бо з Польшчы гучаць такія каментары, што адная з задач Лукашэнкі была перасварыць увесь ЕЗ. І еўрапейцы гавораць, што гэта не атрымалася ў яго.

Франак Вячорка: Лукашэнка сапраўды наіўны, калі ён думаў, што пры дапамозе міграцыйнага крызісу атрымаецца пасварыць польскія партыі, еўрапейскія дзяржавы. Мы ж бачым, што Урсула фон дэр Ляйен зрабіла вельмі моцную заяву пра тое, што ЕЗ не прыме такога шантажу. ЗША паабяцалі працягваць ціск, уводзіць санкцыі. Мы ведаем, што 8-га снежня ўступяць у дзеянне санкцыі супраць “Беларуськалія”. Я думаю, Лукашэнка трошкі пралічыўся, прагадаў. Ён думаў, што змусціць Еўразвяз да размовы з ім, расколе яго. Але мы бачым, што ЕЗ трымаецца скаардынавана, і больш рашуча будзе дзейнічаць у дачыненні да рэжыму. Мне здаецца, што Еўразвяз саспеў да моцных, рашучых дзеянняў, і Лукашэнку мала не пакажацца.

Цалкам гутарка ў далучаным файле:

Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя