ICAO адклала справаздачу аб расследаванні інцыдэнту з самалётам Ryanair у Менску



Рада Міжнароднай арганізацыі грамадзянскай авіяцыі (ICAO) адклала разгляд справаздачы аб расследаванні інцыдэнту з пасадкай самалёта Ryanair у Менску да сваёй наступнай сесіі ў студзені 2022 года. У „Твітэры” арганізацыі адзначаецца, што рашэнне прынятае „ў асноўным з-за аб’ёму прадстаўленых дадзеных і неабходнасці атрымання дадатковых звестак з боку дзяржавы”.

23 траўня ў беларускім аэрапорце быў пасаджаны самалёт Boeing 737 ірландскай авіякампаніі Ryanair, які выконваў рэйс Афіны-Вільнюс. На борце знаходзіліся апазіцыйны актывіст Раман Пратасевіч і ягоная сяброўка Сафія Сапега. Абаіх затрымалі.

Гендырэктар Ryanair Майкл О’Ліры назваў здарэнне наўмысным угонам паветранага судна на загад беларускіх уладаў. Прадстаўнікі многіх краін перакананыя, што самалёт пасадзілі прымусова. Афіцыйны Менск абвінавачванні адхіляе.

Інцыдэнт прывёў да міжнароднага скандалу, у выніку якога над Беларуссю перасталі ажыццяўляць палёты многія еўрапейскія авіякампаніі, а для беларускіх самалётаў усе сумежныя краіны, акрамя Расеі, закрылі неба.