Агляд прэсы: рост ставак



За націскам мігрантаў на польскую мяжу стаяць Пуцін і Эрдаган. Што робяць Расея і Кітай пакуль ЗША «маўчыць». У Эфіопіі эскалацыя канфлікту вакол Тыграя. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.

«За апошнія шэсць тыдняў больш за 6 тысяч бежанцаў прыбылі ў Германію праз Беларусь. Іх перапраўляюць на самалётах пры падтрымцы двух уплывовых людзей», – піша нямецкі таблоід Bild. – Беларускі дыктатар Аляксандр Лукашэнка спецыяльна прывозіць мігрантаў у сваю краіну, каб затым незаконна перапраўляць іх у Польшчу і Літву. Паводле інфармацыі Bild, аўтакраты Уладзімір Пуцін і Рэджэп Таіп Эрдаган дапамагаюць Лукашэнку ў яго атацы на ЕЗ».

Выданне падкрэслівае, што і Пуцін, і Эрдаган аказваюць лагістычную падтрымку для таго, каб як мага хутчэй даставіць максімальную колькасць мігрантаў у Менск, а пасля – часам пад аўтаматамі – прымусіць іх перасекчы межы ЕЗ.

«Некалькі высокапастаўленых супрацоўнікаў органаў бяспекі Берліну адзінагалосна пацвердзілі гэта ў размове з Bild. Па іх словах, расейская авіякампанія «Аэрафлот» (51% належыць дзяржаве) і турэцкая авіякампанія Turkish Airlines (49% належыць дзяржаве) адыгрываюць вырашальную ролю ў перапраўцы мігрантаў на самалётах у Беларусь. У выпадку з многімі рэйсамі назіраюцца дзівацтвы, якія паказваюць на тое, што яны наогул не прызначаны для «звычайных» пасажыраў, на іх нельга забраніраваць ці набыць квіток», – піша Bild.

***

«Расея і Кітай актыўна дзейнічаюць на міжнароднай арэне, а заняты дробязямі Вашынгтон нібы не жадае заўважаць тое, што адбываецца. Масква і Пекін небяспечныя, яны ідуць на авантуры, упэўненыя ў тым, што Амерыка, у якой пануе міжусобіца, не гатова адказаць на глабальныя выклікі», – піша амерыканскі часопіс The Wall Street Journal.

«Расея другі раз за гэты год засяродзіла на мяжы з Украінай шматтысячную групоўку войскаў з бронетэхнікай і зноў выкарыстоўвае пастаўкі энергарэсурсаў у якасці сродку ціску на гэтую краіну, спрабуючы не дапусціць дрэйфу яе ўраду на Захад. Між тым кітайскі кіраўнік Сі Цзіньпін прапусціў два найважнейшыя міжнародныя мерапрыемствы гэтага году: саміт G20 у Рыме і буйную шматбаковую канферэнцыю ў Шатландыі па кліматычных зменах. Тлумачыцца гэта апасеннямі наконт каронавірусу, а таксама падрыхтоўкай да намечанага на бліжэйшыя дні пасяджэння Цэнтральнага камітэту камуністычнай партыі, якое пракладзе яму шлях да выбрання на трэці тэрмін у якасці кітайскага лідара, што само па сабе беспрэцэдэнтна. Кітайцы працягваюць запалохваць Ганконг і Тайвань, а Пентагон у штогадовым дакладзе пра кітайскае войска паведаміў, што Пекін імкліва нарошчвае свой ядзерны арсенал, і ў бліжэйшыя гады ў яго можа з’явіцца ў два разы больш ядзерных боезарадаў, чым прагназавалася раней», – адзначае амерыканскае выданне.

***

Узброены канфлікт, які разгарэўся ў эфіёпскім рэгіёне Тыграй, распаўзаецца па краіне. Сотні тысяч людзей ужо былі вымушаны пакінуць наседжаныя месцы, 400 тысячам пагражае смерць ад голаду. Прэм’ер-міністр краіны Абій Ахмед заклікаў насельніцтва даць узброены адпор паўстанцам.

Італьянская газета La Repubblica піша аб метамарфозе прэм’ер-міністра Абія Ахмеда і малюе сумную карціну.

«У цэнтры гэтага шторму знаходзіцца трагічная фігура прэм’ер-міністра краіны Абія Ахмеда. У гэтай драме ён і галоўная дзеючая асоба, і ахвяра адначасова. Усяго два гады таму ён атрымаў Нобелеўскую прэмію міру, а сёння вядзе бязлітасную вайну, якая зацягвае ў свае жорны ўсё больш мірных жыхароў, і б’е па іх жа. Усяго за два гады Ахмед перайшоў ад прымірыцельных абдымкаў з супернікамі і патэнцыйнымі паўстанцамі да прамога знішчэння супернікаў ваеннымі сродкамі; ад спроб рэформаў і прыхільнасці лібералізму – да абароны дзяржавы, якая, на яго думку, знаходзіцца пад пагрозай распаду; ад апладысментаў з боку афрыканскіх і міжнародных калегаў – да ізаляцыі», – піша італьянскае выданне.

***

У многіх рэгіёнах Еўропы статыстыка заражэння каронавірусам зноў рэзка пайшла ўверх. Еўрапейская прэса разважае пра тое, як найбольш эфектыўна даць адпор чацвёртай хвалі каронавірусу.

У Даніі з пачатку верасня адменены ўсе каронавірусныя абмежаванні. На думку мясцовай газеты Kristeligt Dagblad, гэты падыход неабходна перагледзіць, наколькі балючай ці не апынулася б гэтая мера.

«Бо што адбудзецца з даверам да ўладаў, які да гэтага часу быў у нашай краіне неверагодна высокім? Няма іншага шляху, акрамя як паўторна ўводзіць каронапашпарт. Як любяць казаць палітыкі, ва ўсяго ёсць свой кошт. У сапраўдны момант гэта азначае, што зноў узнікне незадаволенасць і знізіцца давер да ўладаў. І гэта высокая цана», – адзначае дацкае выданне.

Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка.