Францыя „гатовая разгледзець” узмацненне мер супраць датычных да „незаконных перавозак людзей”
У канфлікце з мігрантамі на польска-беларускай мяжы Францыя выступае на баку Варшавы, вынікае з каментара французскага знешнепалітычнага ведамства.
„Мы зноў заяўляем пра нашу салідарнасць з Польшчай, як раней гэта было з Літвой і Латвіяй, у сувязі з недапушчальным выкарыстаннем беларускім рэжымам міграцыйных патокаў. Гэты рэжым садзейнічае незаконнаму ўвозу мігрантаў, скіраванаму на дэстабілізацыю Еўрапейскага звяза”, — гаворыцца ў каментарыі.
„Менавіта таму, — падкрэслівае МЗС, — Францыя жадае забяспечыць скаардынаваную сумесную ахову нашых знешніх межаў і гатовая разгледзець магчымасць узмацнення мер супраць беларускага рэжыму, асоб і арганізацый, якія маюць дачыненне да незаконных перавозак людзей”.
У заяве зазначаецца, што пытанне новых санкцый будзе разгледжанае на пасяджэнні Савета ЕЗ па замежных справах 15 лістапада.