Уладзімір Хільмановіч: Прысуд Дзядку – гэта чарговая палітычная расправа
Мікалаю Дзядку прысудзілі пяць гадоў калоніі. Мікалая затрымалі 11 лістапада 2020 года. Суд на ім пачаўся 29 чэрвеня. На ім Мікалай распавёў пра здзекі і катаванні пры затрыманні. Палітвязня прызналі вінаватым па трох артыкулах КК РБ:
— арганізацыя дзеянняў, якія парушаюць грамадскі парадак;
— незаконныя дзеянні ў дачыненні да агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў;
— заклікі да дзеянняў, скіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь.
Прысуд каментуе праваабаронца Уладзімір Хільмановіч:
– Па сутнасці, гэта чарговая палітычная расправа. Толькі так мы можам кваліфікаваць і трактаваць дзеянні гэтага так званага суда. Я б хацеў, каб мы адразу вызначыліся з тэрміналогіяй. Таму што звыклага суда ў юрыдычным разуменні сэнсу гэтага слова па сутнасці ў Беларусі ўжо няма. Суддзя – гэта чалавек у судзейскай мантыі, які выконвае карныя функцыі, карныя загады.
Пасля затрымання Мікалая Дзядка ў лістападзе мінулага года стала вядома, што яго катавалі. Працягвае праваабаронца:
– Прававое поле ў Беларусі канчаткова разбуранае. Пачынаючы са жніўня мінулага году і да сённяшняга дня яно не тое што разбурана, яно знішчана ўшчэнт. Гэта сутнасць усёй карнай сістэмы. Беларусь рухаецца зараз у бок не проста аўтарытарнай, а ўжо класічна таталітарнай дзяржавы, з поўным вынішчэннем іншадумства.
Прысуд Мікалаю Дзядку вынесла суддзя Анастасія Папко. Палітычны вязень не прызнаў сваю віну.
Цалкам гутарка ў далучаным гукавым файле:
Яна Запольская , Беларускае Радыё Рацыя