Ігар Мельнікаў: Палякі абаранілі сваю незалежнасць у вельмі цяжкіх баях



103 гады таму Польшча аднавіла сваю незалежнасць пасля доўгага часу падзелаў. 11 лістапада 1918 года галоўнакамандуючым Войска Польскага стаў Юзаф Пілсудскі – першы кіраўнік незалежнай краіны. Сёння, 11 лістапада, Польшча адзначае сваё галоўнае дзяржаўнае свята. На гэтую тэму з Госцем Рацыі кандыдатам гістарычных навук, даследчыкам польска-беларускай даваеннай мяжы, лаўрэатам прэміі імя Льва Сапегі за 2020 год Ігарам Мельнікавым размаўляе наша карэспандэнтка Яна Запольская.  

РР: Для Польшчы вялікае свята – Дзень незалежнасці 11 лістапада. Для вас асабіста як гісторыка, як даследчыка гэта таксама святочны дзень?

Ігар Мельнікаў: Так, думаю, што не толькі таму, што я сам зараз знаходжуся ў Польшчы, але штогод гэтая дата была звязаная як з  Польшчай, так і ўвогуле ў еўрапейскім кантэксце з заканчэннем Першай сусветнай вайны. І тады вялікая колькасць дзяржаў нашага ўсходне-еўрапейскага рэгіёну аб’явілі пра сваё жаданне быць незалежнымі. У тым ліку і беларусы ў васямнаццатым годзе, беларусы нават раней. Але вось палякі якраз-такі абаранілі сваю незалежнасць у вельмі цяжкіх баях. І, канешне, вельмі важна ў гэтым кантэксце, беларуска-польскім, згадваць і гэтую дату.  

РР: Трэба ўсё ж такі зазначыць, што 11 лістапада – даволі ўмоўная дата, таму што Беласток быў вызвалены ў баі крыху пазней, праз некалькі месяцаў, у 1919 годзе.

Ігар Мельнікаў: Так, фронт рухаўся туды-сюды. Справа ў тым, што Пілсудскі прыехаў у Варшаву, там пачалося фармаванне нацыянальных сілаў. Да гэтага моманту Юзаф Доўбар-Мусніцкі са сваім корпусам прыехаў з Бабруйска і знаходзіўся на тэрыторыі Польшчы. І ў палякаў пачаўся працэс фармавання войска, а гэта самае галоўнае, што можа абараніць дзяржаву. І вось на восень 1918 года польскае войска пачало ўяўляць сапраўдную сілу.  

РР: І акурат галоўнакамандуючым з 11 лістапада 1918 года польскага войска стаў Юзаф Пілсудскі. Некалькі словаў пра гэтую асобу. Помнікі Пілсудскаму, напэўна, у кожным маленькім, вялікім горадзе ёсць.

Ігар Мельнікаў: Нават у Беларусі ёсць. Справа ў тым, што ў Беларусі, у Вілейцы, на тэрыторыі нейкіх электрасетак стаіць помнік, які ў 1938 годзе быў пастаўлена акурат на мяжы савецкай Беларусі. Быў пастаўлены якраз жаўнерамі корпуса аховы памежжа як памяць маршалу, які памёр у 1935 годзе, які па-сутнасці быў бацькам Другой Рэчы Паспалітай, чалавекам, які аднавіў гэтую дзяржаву. Здаецца прайшло колькі гадоў, але гэты культ і гэтая гісторыя працягвалася, і гэты помнік паставілі. Яго 17 верасня 1939 года знішчылі, проста скінулі з пастамента, але ён дажыў да нашых дзён. Потым там была цікавая гісторыя, яго перавезлі ў Вілейку, і вось зараз ён там знаходзіцца.

РР: Пілсудскі адназначна герой?

Ігар Мельнікаў: Мне падабаецца гэты чалавек за сваю фразу, што Польшча, як абаранак, што самае смачнае знаходзіцца якраз па межах. І сапраўды гэты чалавек меў нейкі сентымент да Усходу, не проста імперскі і захопніцкі сентымент, а чалавек адчуваў сябе, што ён з Віленшчыны. І тое, што яго сэрца пахаванае ў Вільні – гэта якраз тое сведчанне, што ён хацеў там знаходзіцца. І гэта адрозніваецца ад такой тыповай маскоўскай імперскасці: нам бы захапіць тэрыторыю, а што там далей з гэтымі тэрыторыямі будзе – няважна.  

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:  

Беларускае Радыё Рацыя