Пра футбольны мяч
Беларускі футбол нарэшце загучаў на ўсю краіну. Праўда, звязана гэта не з выдатнай гульнёй футбалістаў. Не з тым, што беларускія футбалісты гралі так, што сталі вядомымі нават для тых, хто не цікавіцца футболам. А з тым, што пасля аднаго з матчаў у Гародні выявілася, што знік мяч.
Як аказалася, футбольны мяч скралі. Прычым скралі проста падчас футбольнага матчу. Нарэшце, хоць адна яркая падзея ў беларускім футболе. Матч запомніцца хоць і не запамінальнай гульнёй футбалістаў, а тым, што скралі мяч проста падчас гульні, але ўсё роўна запомніцца.
А з іншага боку, падумаеш, скралі мяч. Чаго не здараецца ў спорце. Добра, што гульцы ўсе на месцы. Вось, напрыклад, падчас Алімпіяды ў Лондане егіпецкія барцы проста праспалі свае спаборніцтвы. Паколькі спаборніцтвы перанеслі на раніцу праз цырымонію закрыцця гульняў, то егіпецкія спартоўцы на гэта проста забыліся. Па выніку суддзі запісалі ім пройгрыш.
А вось у Танзаніі футбалістаў клубаў “Сімба” і “Янг Афрыканс” злавілі падчас таго, як яны спрабавалі закапаць чараўніцкія талісманы. Талісманы не дапамаглі, а вось за сапсаваны газон давялося выплаціць кругленькую суму.
Дарэчы, як паказалі камеры назірання ў Гародні, футбольны мяч падчас матчу забралі падлеткі, цяпер іх шукае міліцыя. Лепей бы зрабілі сэлфі: і мяч быў бы на месцы, і адказнасці не было б.