Агляд прэсы: «армагедон» бел-чырвоных



Вайскоўцы Лукашэнкі ўрываюцца на польскую тэрыторыю? Польская мяжа – повад для Пуціна. Свет вырашае, як пазбегнуць зменаў клімату. Труна як стымул. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.

«Сітуацыя на мяжы Польшчы і Беларусі, відаць, яшчэ больш драматычная, чым распавядаюць СМІ», – паводле інфармацыі нямецкай газеты Bild з урадавых колаў Берліну і Брусэлю, расце небяспека ваеннай эскалацыі. Акрамя таго, у Беларусі мігранты знаходзяцца ў практычна безнадзейным становішчы.

«Справаздачы польскіх, літоўскіх і іншых еўрапейскіх органаў бяспекі, якія ўдалося прааналізаваць Bild, паказваюць, наколькі напружанай з’яўляецца сітуацыя на мяжы і як ваенныя Лукашэнкі гуляюць з агнём, урываючыся нават на тэрыторыю Польшчы», – гаворыцца ў артыкуле.

«Для аховы знешняй мяжы ЕЗ Польшча перадала пад камандаванне паліцыі 10 тысяч салдат. Чакаецца, што ў бліжэйшыя некалькі дзён іх колькасць узрасце да 12 тысяч. Па другі бок мяжы знаходзяцца беларускія вайскоўцы. У дакументах гаворыцца, што ў Польшчы ёсць доказы таго, што памежная служба Беларусі адкрыта арганізуе пераходы праз мяжу пры дапамозе супрацоўнікаў у форме і ў цывільным. Мяжа паміж Польшчай і Беларуссю стала новай дэмаркацыйнай лініяй. Неабходна сачыць за тым, каб на мяжы, улічваючы канцэнтрацыю вайскоўцаў, не адбылося трагедыі, бо Беларусь вядзе на мяжы псіхалагічную вайну. У гэтым можна пераканацца на месцы: жанчын і дзяцей ставяць у першы шэраг пры спробах сілавога прарыву праз загароды. Праз гукаўзмацняльнікі прайграюць галасы жанчын, якія плачуць і крычаць. Зброю зараджаюць проста перад польскімі памежнікамі і накіроўваюць на іх. Мэта: дэстабілізаваць польскія сілы», – папярэджвае нямецкае выданне.

Газета таксама прыводзіць дадзеныя пры тое, што менскі аэрапорт зараз абложаны мігрантамі. «Зваротных рэйсаў няма. Мэта: прымусіць бежанцаў пракрасціся ў Еўропу. Яны знаходзяцца ў пастцы», – гаворыцца ў публікацыі.

«Згодна з дакладнай інфармацыяй, жанчынам і дзецям не даюць спаць пры дапамозе амфетамінаў. У распараджэнні Польшчы ёсць таксама дакладная інфармацыя пра тое, што беларускія ўлады наўмысна раскідваюць у сваёй пагранічнай зоне цвікі, каб мігранты атрымлівалі траўмы перад перасячэннем граніцы і не былі адпраўлены назад. На фоне існуючай сітуацыі, згодна з дакументамі, чакаецца вялікая колькасць загінуўшых бежанцаў. Ёсць адназначныя і дакладныя доказы таго, што паток бежанцаў быў арганізаваны рэжымам у Менску пры падтрымцы Масквы», – перадае Bild.

***

Не абыйшла ўвагай міграцыйны крызіс у Польшчы эстонская газета Eesti Päevaleht, якая разважае, як Расея можа выкарыстаць сітуацыю на сваю карысць.

«Масква назірае за тым, што адбываецца з вялікім задавальненнем. Судзячы па ўсім, Менск пачаў міграцыйную вайну з Захадам, не спытаўшы Маскву. Але тым самым зрабіў ёй сапраўдны падарунак. Цяпер расейскае МЗС можа дэманстратыўна выказваць спачуванне бежанцам і вінаваціць Еўропу ў бяздзейнасці. Цынізм тут відавочны. Уцекачы рухаюцца на захад, а не на ўсход. Калі Захад іх прыме, то тым лепей. А калі не – то гэта застанецца праблемай Лукашэнкі. Калі ж справа дойдзе да адкрытага сутыкнення паміж беларускімі і польскімі памежнікамі, то гэта дасць Маскве выдатную нагоду прыйсці на дапамогу саюзніку. Напрыклад, увёўшы ў Беларусь войскі», – мяркуе эстонскае выданне.

***

У пятніцу, у Глазга завяршае сваю працу 26-я сесія Канферэнцыі бакоў Рамачнай канвенцыі ААН па пытаннях зменаў клімату. Краіны-удзельніцы ставяць перад сабой мэту паскорыць адмову ад вугальнай энергетыкі, а таксама спыніць субсідзіраванне здабычы выкапняў энерганосьбітаў. Да 2030 году плануецца скараціць выкіды шкодных рэчываў на 45 адсоткаў, а да сярэдзіны стагоддзя, і зусім звесці гэты паказнік да нулю. У выніку плануецца абмежаваць глабальнае пацяпленне паўтара градусамі па Цэльсіі.

Бельгійская газета Trends-Tendances пералічвае, што зараз трэба зрабіць для таго, каб увасобіць рашэнне ў жыццё.

«Дэкарбанізацыя планеты немагчымая без усёабдымнага агульнага плану, а ён павінен прадугледжваць стварэнне стымулаў для фінансавання дэкарбанізаваных вытворчых працэсаў. Але гэта таксама азначае, што неабходна карэнным чынам перагледзець практыку выдзялення дапамогі бізнэсу для таго, каб падтрымаць тыя прадпрыемствы, якія не могуць самастойна перайсці на экалагічную вытворчасць. Да таго ж запатрабуецца стварыць неабходную інфраструктуру (зарадныя станцыі, транспартныя вузлы для электрамабіляў і гэтак далей), цалкам пераасэнсаваўшы грамадскую прастору для будаўніцтва новых аб’ектаў, і ў той жа самы час захаваць неабходныя сельскагаспадарчыя і лясныя ўгоддзі», – падсумоўвае бельгійскае выданне.

***

З мэтай паўплываць на тых, хто адмаўляюцца ад вакцынацыі, і падштурхнуць іх на прышчэпку ад COVID-19, міністэрства аховы здароўя Чэхіі выкарыстала крайні сродак: публікацыю шакавальных фатаграфій, кшталту, памерлы пацыент з аддзялення інтэнсіўнай тэрапіі, цела якога пакуецца ў пластыкавы мяшок. Подпіс пад фатаграфіяй наступны: «У яго было шмат адгаворак». На іншым фотаздымку намаляваная труна з подпісам: «Яна ўвесь час адкладала прышчэпку».

«Нізкая доля прышчэпленых у краіне тлумачыцца наплявальніцкім стаўленнем людзей», – піша чэшская газета Hospodářské noviny, якая не асуджае такую рэкламу.

«Гэтае наплявацельства звязанае з распаўсюджаным у посткамуністычных краінах разуменнем свабоды, паводле якога свабода – гэта калі ты можаш рабіць усё, што табе хочацца, і ніхто табе пры гэтым не ўказ. Збольшага гэта можна зразумець, паколькі камуністычны рэжым увесь час умешваўся ў жыццё людзей, аж да самых дробязяў. А зараз мы назіраем наступствы. У Чэхіі працэнт людзей, якія прайшлі вакцынацыю, каб абараніць не толькі сябе, але і іншых, нашмат ніжэйшы, чым у краінах Заходняй Еўропы», – піша чэшскае выданне.

Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка.