Вярхоўны камісар ААН па справах бежанцаў: адвесці мігрантаў ад мяжы



Прадухіленне гібелі і перамяшчэнне мігрантаў ад мяжы ў больш бяспечныя месцы ў Беларусі сёння з’яўляюцца прыярытэтам, заявіў вярхоўны камісар ААН па справах бежанцаў Філіпа Грандзі.

Сваю пазіцыю Грандзі выказаў у „Твітэры” пасля паведамлення аб аказанні 11 лістапада дапамогі мігрантам прадстаўнікамі яго ўпраўлення і Міжнароднай арганізацыі па міграцыі сумесна з Беларускім таварыствам Чырвонага Крыжа.

Грандзі адзначыў, што цэніць дадзены доступ да мігрантаў, і заявіў пра гатоўнасць дапамагчы ў пошуку рашэнняў.

10 лістапада Грандзі абмеркаваў сітуацыю на мяжы Беларусі і Еўразвяза з кіраўніком Еўрапейскай камісіі Урсулай фон дэр Ляен. „Правялі добрае абмеркаванне з Філіпа Грандзі аб сітуацыі з мігрантамі, якія застаюцца на мяжы Еўрасаюза і Беларусі. Трэба тэрмінова знайсці вырашэнне сумесна з установамі ААН. Мы падтрымліваем тое, каб ва ўстаноў ААН быў поўны доступ да мігрантаў, якія знаходзяцца ў Беларусі”, — напісала фон дэр Ляен у „Твітэры”.

8 лістапада ў раёне пункта пропуску „Кузніца Беластоцкая” (з беларускага боку — „Брузгі”) была зробленая спроба масавага пранікнення на тэрыторыю Польшчы нелегальных мігрантаў, як мяркуецца, з Іракскага Курдыстана, праз загароду з калючага дроту. Мігранты разбілі лагер уздоўж лініі мяжы з беларускага боку.

9 лістапада Дзяржпагранкамітэт Беларусі паведаміў, што „фізічны і маральны стан людзей вельмі цяжкі і прыгнечаны”: „Не хапае вады і ежы. На тэрыторыі лагера няма мінімальных умоў для штодзённых гігіенічных працэдур. Сітуацыя ўскладняецца наяўнасцю сярод бежанцаў значнай колькасці цяжарных жанчын і грудных дзяцей, якія вымушаныя начаваць на зямлі пры тэмпературах блізкіх да нуля”. У той жа дзень Беларускае таварыства Чырвонага Крыжа перадало мігрантам гуманітарныя наборы з вадой, ежай і цёплымі рэчамі.

Крызіс на мяжы Беларусі і краін ЕС пачаўся вясной 2021 года. Спачатку шматразовае павелічэнне колькасці нелегальных мігрантаў зведала Літва. Пасля таго, як Вільня прыняла рашэнне не затрымліваць мігрантаў, а разварочваць іх назад у Беларусь, патокі нелегалаў пераарыентаваліся на Польшчу.

З-за павелічэння патоку нелегальных мігрантаў з беларускага боку Літва, Латвія і Польшча ўвялі рэжым надзвычайнага становішча ў раёнах, што мяжуюць з Беларуссю.

Кіраўніцтва краін Балтыі і Польшчы абвінавачвае беларускія ўлады ў арганізацыі міграцыйнага крызісу як элемента „гібрыднага нападу” на краіны ЕС у адказ на санкцыі. Афіцыйны Менск у сваю чаргу заяўляе, што ўзнікненне крызісу пацягнулі дзеянні краін Захаду ў краінах паходжання мігрантаў.