12 лістапада – гадавіна смерці Рамана Бандарэнкі
„Словы Рамана «Я выходжу!» да гэтага часу звіняць у сэрцы кожнага вольнага беларуса, – кажа вядомы беларускі бізнэсовец і грамадскі дзеяч Вадзім Пракоп’еў. – Раман загінуў. Забойцы вызначаныя і застаюцца беспакаранымі”.
Вадзім Пракоп’еў прапанаваў сёння, 12 лістапада, у 18:00 абсалютна ўсім замерці ў хвіліне маўчання. Усім-усім-усім! Спыніцца на хвіліну, удумліва памаўчаць і ўзгадаць подзвіг Рамана. Няхай гэта стане яшчэ адным спосабам нашага масавага рытуальнага супраціву, дадаў грамадскі дзеяч.
11 лістапада мінулага года Раман Бандарэнка выйшаў на „Плошчу Перамен”, каб спыніць людзей, якія зразалі бел-чырвона-белыя стужкі. Перад выхадам ён напісаў „Я выходжу” — і гэта былі яго апошнія словы. Невядомыя збілі Рамана, пасля чаго яго забрала міліцыя. З пастарунка хлопца ў цяжкім стане даставілі ў лякарню. Аднак лекары не змаглі выратаваць жыццё: 12 лістапада Раман Бандарэнка памёр. У датычнасці да яго збіцця падазраюць людзей з атачэння Лукашэнкі — у прыватнасці, экс-кіраўніка Федэрацыі хакея Дзмітрыя Баскава. Гэта засведчылі злітыя ў інтэрнэт запісы тэлефонных перамоваў. Генпракуратура прыпыніла справу па смерці Рамана Бандарэнкі, бо нібыта не змагла знайсці, каго прыцягнуць да крымінальнай адказнасці.
12 лістапада ўвечары пройдуць акцыі памяці Рамана Бандарэнкі, у тым ліку ў Беластоку каля консульства Беларусі ў Польшчы.