Апостальскі нунцый заклікаў улады знайсці хоць бы часовае рашэнне для выратавання мігрантаў



Каталіцкі касцёл з вялікай увагай назірае за сітуацыяй з міграцыйным крызісам на беларуска-польскай мяжы. Пра гэта гаворыцца ў заяве апостальскага нунцыя арцыбіскупа Антэ Ёзіча, апублікаванай на каталіцкім партале catholic.by.

„Тысячы чалавек, якія паходзяць з розных краін Блізкага Усходу і суседніх краін, у пошуках лепшага жыцця бягуць ад шматлікіх цяжкасцяў, у якіх яны апынуліся ў сваіх родных краінах, і жадаюць знайсці іншае месца жыхарства для сябе і для сваіх сем’яў, — адзначыў каталіцкі іерарх. — Незалежна ад цяперашняга палітычнага крызісу ў Беларусі, крызіс з мігрантамі патрабуе тэрміновых канкрэтных рашэнняў для кантролю над патокамі міграцыі і салідарнасці ўсіх, каб пайсці насустрач людзям, асабліва дзецям і жанчынам, якія на працягу многіх дзён застаюцца заблакаванымі на мяжы Беларусі з Еўрапейскім звязам”.

Паводле яго слоў, каталіцкі касцёл „заўсёды блізкі да тых, хто пакутуе або знаходзіцца ў цяжкіх жыццёвых абставінах”, і праз сваю арганізацыю Caritas „імкнецца прыйсці з гуманітарнай дапамогай тым, хто мае ў ёй патрэбу”. „Я задаволены тым, што дыяцэзіяльныя Caritas гэтай краіны, як і Caritas у Польшчы, распачалі збор дапамогі для шматлікіх мігрантаў, якія чакаюць неадкладных і доўгатэрміновых рашэнняў”, — адзначыў ён.

Ёзіч падкрэсліў, што „касцёл моліцца аб вырашэнні гэтай надзвычайнай сітуацыі і просіць аб дзеяннях таксама ў палітычнай сферы дзеля ратавання чалавечых жыццяў”.У гэтым сэнсе святы айцец папа Францішак нядаўна выступіў з заклікам адносна іншых патокаў мігрантаў у Еўрапейскі звяз, просячы „запэўніць мігрантам годныя ўмовы жыцця і доступ да працэдур надання прытулку”, — адзначыў нунцый.

У гэты момант, перакананы каталіцкі іерарх, „неабходная салідарнасць усіх, каб перадусім ратаваць жыцці людзей і каб прыйсці да найлепшага рашэння для тых, хто знаходзіцца на мяжы”, паколькі „немагчыма проста глядзець на тысячы людзей, якія апынуліся на мяжы паміж жыццём і смерцю, чакаючы трывалых рашэнняў”.

„Заахвочваю ўлады ўсіх зацікаўленых краін дзейнічаць рашуча і хутка, каб знайсці нават часовыя рашэнні дзеля выратавання жыццяў людзей. Я заахвочваю ўсіх вернікаў-католікаў працягваць маліцца аб найхутчэйшым вырашэнні гэтага крызісу з мігрантамі ў краіне”, — сказаў Ёзіч.

8 лістапада ў раёне пункта пропуску „Кузніца Беластоцкая „(з беларускага боку — „Брузгі”) была здзейсненая спроба масавага пранікнення на тэрыторыю Польшчы нелегальных мігрантаў, як мяркуецца, з Іракскага Курдыстана, праз загароду з калючага дроту. Мігранты разбілі лагер уздоўж лініі мяжы з беларускага боку.

Сітуацыя з мігрантамі на мяжы Беларусі і Польшчы заклапаціла сусветную супольнасць. На праблему звярнулі ўвагу структуры і высокія прадстаўнікі ААН, яе абмяркоўваюць лідары краін Еўропы і ЗША, выказаліся прадстаўнікі Расеі і Ватыкана.

Міграцыйны крызіс на мяжы Беларусі і краін ЕЗ пачаўся вясной 2021 года. Спачатку шматразовае павелічэнне колькасці нелегальных мігрантаў адчула Літва. Пасля таго як Вільнюс прыняў рашэнне не затрымліваць мігрантаў, а разварочваць іх назад у Беларусь, патокі нелегалаў пераарыентаваліся на Польшчу.

З-за павелічэння патоку нелегальных мігрантаў з беларускага боку Літва, Латвія і Польшча ўвялі рэжым надзвычайнага становішча ў раёнах, якія мяжуюць з Беларуссю.

Кіраўніцтва краін Балтыі і Польшчы абвінавачвае ўлады Беларусі ў арганізацыі міграцыйнага крызісу як элемента „гібрыднага нападу” на краіны ЕЗ у адказ на санкцыі. Афіцыйны Менск у сваю чаргу заяўляе, што да ўзнікнення крызісу прывялі дзеянні краін Захаду ў краінах паходжання мігрантаў.