30 гадоў таму беларусы ў Польшчы аднавілі падпольнае святкаванне Дня Волі



Сёлета спаўняецца трыццаць гадоў з моманту афіцыйнага ўзнаўлення святкавання Дня Волі ў Польшчы. У 1985 годзе студэнты варшаўскіх універсітэтаў упершыню наладзілі святкаванні гадавіны абвяшчэння незалежнасці БНР.

Юрка Ляшчынскі

„80-я гады мінулага стагоддзя былі тым часам, калі дзякуючы „Салідарнасці” мы, беларусы, таксама адкрывалі свае карані і гістарычную ідэнтычнасць”, – адзначыў у эфіры нашага радыё арганізатар святкаванняў трыццацігадовай даўніны, праграмны дырэктар нашага радыё Юрка Ляшчынскі:

–  Славутая бібліятэка Варшаўскага ўніверсітэта, дзе была міжваенная, ваенная беларуская прэса. А мы як студэнты заходзілі тады ў тую бібліятэку, гарталі гэтую прэсу, цікавіліся, што гэта значыць. Бо ў той час, сапраўды, ні ў Польшчы, ні ў Савецкай Беларусі пра 25 сакавіка было ўвогуле забаронена ўспамінаць. Даведаліся з эміграцыйнай, даваеннай і ваеннай прэсы пра гэтае свята.

Традыцыя святкавання Дня Волі была запачаткаваная ў Вільні ў пачатку 1920 гадоў. З таго часу амаль бесперапынна Дзень Волі адзначае Беларуская эміграцыя ў Еўропе і Паўночнай Амерыцы. З канца 80-х гадоў традыцыйныя святкаванні Дня Волі праходзяць і ў найбольшым асяродку беларусаў Польшчы – Беластоку.

Зміцер Косцін, Беларускае Радыё Рацыя

Фота vytoki.net