Агляд прэсы: хто не схаваўся?



Брытанскія вайскоўцы дапамагаюць Польшчы ўмацаваць мяжу з Беларуссю. Балгарыя: перадвыбарныя абвінавачанні ў карупцыі. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы.

 «Міністэрства абароны Вялікабрытаніі пацвердзіла, што паслала на мяжу Польшчы і Беларусі групу вайскоўцаў з-за міграцыйнага крызісу. Зараз на мяжы паміж Беларуссю і Польшчай знаходзяцца каля чатырох тысяч мігрантаў з краін Блізкага Усходу: Сірыі, Емена, Ірана і Ірака, якія спрабуюць перайсці праз мяжу на тэрыторыю Польшчы, і таму разбілі лагер, спрабуючы выратавацца ва ўмовах надыходзячых халадоў. Па словах польскіх уладаў, яшчэ каля 15 тысяч мігрантаў нібыта знаходзяцца ў Менску, чакаючы адпраўкі на мяжу. Польскія памежнікі, спрабуючы не дапусціць пераходу мігрантаў на тэрыторыю Польшчы, умацавалі агароджу калючым дротам», – піша брытанская газета The Telegraph.

Выданне паведамляе, што з аднаго боку Польшча прыняла закон,  які дазваляе прымусова вяртаць нелегальных мігрантаў у Беларусь, а з другога – беларускія памежнікі і «мужчыны моцнага целаскладу ў цывільным» рашуча перашкаджаюць вяртанню назад тых мігрантаў, якія перайшлі мяжу.

«Таму ў Польшчу, як знак сяброўства», прыбыла невялікая група брытанскіх вайскоўцаў са складу інжынерных войскаў, якія дапамогуць польскім калегам умацоўваць агароджу на мяжы з Беларуссю. У сваю чаргу, Масква, якую абвінавачваюць у «арганізацыі» крызісу на беларуска-польскай мяжы з мэтай дэстабілізацыі абстаноўкі ў рэгіёне, дэманструе сваю падтрымку Менску, які з’яўляецца яе саюзнікам», – гаворыцца ў матэрыяле.

«На фоне крызісу з мігрантамі Расея накіравала ў раён мяжы Беларусі з Польшчай падраздзяленні Паветрана-дэсантных войскаў для правядзення вучэнняў паблізу лагеру, разбітага мігрантамі з Блізкага Усходу. Як вынік – двое ваеннаслужачых загінулі падчас такіх «вучэнняў». Акрамя таго, міжнародныя эксперты, разведвальныя службы і кіраўніцтва шэрагу краін Захаду выказваюць заклапочанасць з нагоды навалы расейскіх войскаў паблізу межаў Украіны, выказваючы здагадкі аб магчымай падрыхтоўцы Расеі да ўварвання ў гэтую краіну ў бліжэйшыя месяцы», – піша The Telegraph.

«Цынізм Лукашэнкі, які выкарыстоўвае людзей у сваіх мэтах, і пры гэтым прыгразіў таксама спыніць транспарціроўку газу, варты ўсялякага асуджэння», – піша нямецкая газета De Standaard.
«Неймаверна, каб ЕЗ пайшоў на саступкі Лукашэнку, які самым абуральным чынам парушае правы чалавека. Калі справа дойдзе да рэальнай канфрантацыі, то ЕЗ мусіць заставацца нязломным. І ў такім выпадку Беларусь  як краіна без статусу транзітнай для транспарціроўкі газу толькі прайграе. Тое ж самае тычыцца і Пуціна. Даходы ад продажу газу для яго, напэўна, не менш важныя, чым для Еўропы своечасовыя і бесперабойныя пастаўкі блакітнага паліва», – канстатуе нямецкае выданне.

У нядзелю ў Балгарыі прайшлі выбары ў парламент, сёлета ўжо трэці раз запар. Незадоўга да фінішнай прамой зноў усплылі вядомыя фатаграфіі са спальні былога прэм’ер-міністра Бойка Барысава, на якіх бачныя буйныя сумы грошай і пісталет у скрыні прыложкавай тумбачкі. Нягледзячы на гэта, а таксама на іншыя сведчанні карупцыі, партыя Барысава ГЕРБ тым не менш лідзіруе ў апытаннях: прагаласаваць за яе гатовы 23 адсоткі выбаршчыкаў. Вечаровы экзіт-пул у дзень выбараў паказаў 24,8 адсоткі.

Як адзначае балгарская служба Deutsche Welle, нават калі абвінавачанні ў карупцыі не даказаныя афіцыйна, сітуацыя больш чым відавочная.

«600 тысяч балгарскіх выбарцаў зноў прагаласавалі за Барысава проста таму, што фінансава залежаць ад яго і ад яго партыі. За апошнія некалькі дзён некаторыя заходнееўрапейскія СМІ зноў згадалі той факт, што краіна карумпаваная, і пацвердзілі здагадку, што гэтаму нямала паспрыяў Барысаў, які на працягу многіх гадоў займаў пасаду прэм’ер-міністра. Партыя Барысава атрымала большасць галасоў, але адсутнасць саюзнікаў робіць з’яўленне ўрадавай кааліцыі з ёй на чале вельмі малаверагоднай. Асноўныя надзеі на з’яўленне стабільнага кабінета звязаныя з новай партыяй «Перамены працягваюцца», якая саступіла ГЕРБу менш за адсотак»,  – адзначае балгарская служба.

Урады многіх краін задумаліся аб прымусовай вакцынацыі ад каронавірусу. Брытанская газета The Times вітае рашэнне аб увядзенні абавязковай вакцынацыі, але для медперсаналу.

«Сапраўды, у сферы догляду хворых і нямоглых пануе недахоп кадраў, які ў выніку брэксіту толькі ўзмацніўся. Аднак не справа, калі найбольш уразлівую групу насельніцтва даглядаюць тыя, хто ў сілу адмовы ад вакцынацыі з высокай ступенню верагоднасці можа заразіць іх вірусам. Неабходна прыняць тэрміновыя меры па паляпшэнні ўмоваў працы ў гэтым сектары, у якім занятыя паўтара мільёна чалавек. Таксама неабходна палепшыць фінансаванне дамоў для састарэлых, з тым каб тыя маглі прыцягнуць новыя кадры і ўтрымаць ужо існуючыя, у тым ліку за кошт павышэння заробкаў, бо сітуацыя на рынку працы вельмі напружаная. Нельга дапусціць, каб насельнікі дамоў састарэлых апынуліся перад выбарам: альбо персанал, ад якога можа зыходзіць пагроза заражэння, альбо наогул ніякага персаналу», – папярэджвае брытанскае выданне.

 Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка