Алег Трусаў: Акупацыя цалкам магчымая
Нагнятанне сітуацыі, цяпер не ў самой Беларусі, а на яе мяжы з Польшчай, паказвае, што Лукашэнка поўнасцю перакананы ў сваёй сіле ўнутры Беларусі і беспакаранасці. Але мяжа яго ўлады ўвесь час звужаецца, і дзе Расея, дзе Беларусь – рабіць выснову ўсё цяжэй. Бо за плячыма стаіць Расея, якая ўжо гатовая закончыць працэс анексіі краіны. З Госцем Рацыі палітыкам і грамадскім дзеячам Алегам Трусавым на гэты конт гутарыць наш карэспандэнт Якуб Сушынскі.
РР: Грамадскія арганізацыі ў Беларусі цяпер не могуць выконваць важную для нацыі функцыю – фармаваць выклікі і пытанні па ўраўнаважанні патрэбаў людзей і для таго, каб існавала і функцыявала нармальна ў гэтай ступені і выканаўчая ўлада. Абяцанні кіраўніка Беларусі, што будзе зачышчана ўсё цывільнае грамадства, відаць, спраўдзілася. Адным рухам вылецелі з юрыдычнага полю сродкі масавай інфармацыі, праваабарончыя, культурніцкія, асветныя арганізацыі пры падачы Вярхоўнага суда. Як вы лічыце для дзяржаўнай нацыянальнай бяспекі наколькі гэта небяспечны ход?
Алег Трусаў: Пачнем з таго, што спачатку вылецела само юрыдычнае поле. Ніякага юрыдычнага поля пасля жніўня мінулага года ў нашай краіне няма. Трэба сказаць, што гэта прыводзіць да таго, што не раз прыводзіла ўсе краіны, якія змагаліся з грамадскай супольнасцю.
Паколькі добра мы ведаем гісторыю Польшчы, то я прывяду прыклад. У Польшчы таксама была санацыя, аўтарытарная ўлада, было экспанства Пілсудскага, потым Сміглы. І што яны пачалі рабіць? Знішчаць грамадскае поле, асабліва беларускае і ўкраінскае. І ліквідацыя ТБМ у Беларусі падобнае на ліквідацыю ТБШ у так званай панскай Польшчы. Усё адзін да аднаго. Ну, і чым скончылася гісторыя панскай Польшчы 1 верасня 1939 года? Таму ў нас таксама навісла анексія з боку ўсходняга суседа. Калі зачышчаецца грамадская супольнасць, то тады на сцэну выходзяць суседзі, якія хочуць гэту зямлю ці цалкам захапіць, ці падзяліць, як у свой час Гітлер падзяліў Польшчу са Сталіным.
Таму анексія над незалежнай Рэспублікай Беларусь павялічылася ў стократ. Гісторыя, на жаль, па тым жа самым сцэнары.
РР: Ці можна тут прымяніць такі вобраз, які зараз пасуе да сітуацыі, што дзяржава цяпер выглядае як змей, які паядае сам сябе?
Алег Трусаў: Так, цалкам, стопрацэнтова. Паядае сама сябе тады, калі яна перастае мець кантакт з грамадзянамі. Як толькі грамадства адразаецца ад улады, на сцэну выходзіць іншая дзяржава, якая хоча прыбраць да рук.
Узгадаем, як адбываліся тры падзелы Рэчы Паспалітай. Тая ж сітуацыя. Караля апошняга Рэчы Паспалітай прывяла да ўлады Кацярына ІІ за расейскія грошы. І зараз мы маем тыя ж самыя расейскія грошы і тую ж самую палітыку. Дарэчы, гэта разумеў Панятоўскі. Памятаеце, набраў грошы ў Кацярыны ІІ і рэформы зрабіў, канстытуцыю 3 мая прыняў. Чым не Лукашэнка? Адзін да аднаго. Вельмі падобныя людзі, што апошні кароль, што наш кіраўнік. Але дай Бог, каб мы так не скончылі, як скончыла Рэч Паспалітая. Але анексія, акупацыя, цалкам магчымая.
Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:
Беларускае Радыё Рацыя